ПЯТРО ЛАМАН - 65!

11 ліпеня сваё 65-годдзя адзначыў артыст Коласаўскага тэатра Пятро Ламан! «А-а-а-!.. Несцерка!» – адразу ўзгадаеце вы і будзеце мець рацыю. Ён гэткі ж дасціпны і насамрэч беларускі, як і яго герой! Але ж не толькі…
Пятро Аляксандравіч працуе ў тэатры імя Якуба Коласа з 1971 года пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (курс Уладзіміра Маланкіна). Сваімі ўзвышанымі героямі і вострахаракратнымі ролямі ён не раз радаваў гледачоў. Пятро Ламан дасканала імкнецца адшліфаваць кожную дэталь вобразу, што могуць пацвердзіць яго героі – Гаспадар з «Вельмі простай гісторыі» М.Ладо, Федзя з «Я чакаю сапраўднага мужчыну» паводле Э.Радзінскага, Настаўнік з «Візіту дамы» Ф.Дзюрэнмата, беларускі шляхціц Багдан Роскаш з «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Ул.Караткевіча, Дзед з «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева.
Акрамя таго, Пятро Ламан – цудоўны паэт і перакладчык. І любіць тэатр ўсёй душой, і верны яму ўсім сэрцам.
Віншуем Вас, Пятро Аляксандравіч, з юбілеем! Шчыра жадаем сапраўднага беларускага здароўя, вернасці сабе і тэатру, адданасці сваёй справе! Няхай бясконца ліюцца вашыя вершы над дзвінскімі прасторамі! Няхай не сціхаюць глядацкія воплескі, а натхненне прыходзіць да вас штодзень разам з сонцам! Няхай апантаная душа ірвецца да творчасці, да спасціжэння таямніц мастацтва!
Да нашых слоў далучаецца класік беларускай літаратуры Якуб Колас!
I каб кожны тваё пачуў слова,
I той нават, чый дух заскаруз;
Каб хіліліся з жалю галовы,
Каб затросся узбурана вус.
Заспявай жа ты песню такую,
Каб маланкай жахала яна
I паліла нядолю людскую,
Каб грымела, як гнеў перуна.


















Добавить комментарий