ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ САПРАЎДНЫ КОЛАСАВЕЦ, ІНЖЫНЕР-МЕХАНІК АНАТОЛЬ ГУРБО

Тэатр бачны на сцэне. А тое, што робіцца для таго, каб спектаклі праходзілі ўдала заўважаюць не ўсе. Толькі з моцным тылам магчыма спраўдзіць вялікія, перспектыўныя планы.
Анатоль Рыгоравіч Грубо працаваў у тэатры з 1988 года, быў запрошаны з Віцебскага станкаінструментальнага завода імя Камінтэрна. У 2017-м яму мусіла споўніцца 75... Не хапіла зусім крыху...
Адказны, працавіты, вясёлы... Інжынер-механік. Майстар на ўсе рукі. Ён мог усё – ад дробзных штодзённых спраў да стварэння грандыёзных металічных канструкцый. Даглядаў троххуткаснае сцэнічнае кола і штанкетную гаспадарку. Плённа працаваў з мастакамі і знаходзіў магчымасці заўсёды, пры любых абставінах захаваць задуму аўтара. Але і сам выказваў якасныя прапановы. Дзякуючы яму, гледачы пабачылі арыгінальныя дэкарацыі ў спектаклях «Любоўны карагод», «Легенда пра Валодшу», «Недарасць», «Ладдзя роспачы».
Дапамагаў і па-за тэатрам. Не раз звярталіся да яго навучальныя ўстановы Віцебска і Віцебскай вобласці абсталяваць свае сцэнічныя пляцоўкі. І ён рабіў – якасна і ў прызначаны тэрмін.
25 год у тэатры – гэта многа ці мала? Скажам так: час сыходзіць, а застаюцца добрыя справы, зробленыя чалавекам. Коласаўцы яшчэ доўга будуць помніць ўсё, што аддаў тэатру Анатоль Гурбо.
Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа моцна смуткуе і выказвае глыбокія спачуванні артыстцы Зінаідзе Міхайлаўне Гурбо ў сувязі з напаткаўшым вялікім горам – смерцю мужа.


















Добавить комментарий