НАПРЫКАНЦЫ КРАСАВІКА – ГАСТРОЛІ МАГІЛЁЎСКАГА АБЛАСНОГА ТЭАТРА ДРАМЫ І КАМЕДЫІ імя В.І.ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

24.02.2025
22 і 23 красавіка на коласаўскай сцэне - гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Для дарослых артысты з Бабруйска пакажуць спектаклі «Божьи одуванчики» і «Старая зайчиха», для дзяцей - «Щелкунчик».
22 красавіка (19:00) - шлюбны вадэвіль «БОЖЬИ ОДУВАНЧИКИ» А.Іванова.

Анастасія Міхайлаўна, удава, заслужаная артыстка, хоць і пенсіянерка, вельмі энергічна і з веданнем справы спрабуе выдаць сваю сястру Мальвіну Міхайлаўну, таксама пенсіянерку, замуж. Па яе просьбе са шлюбнага агенцтва «Алена і Парыс» дасылаюць жаніхоў. У гэты момант і ўзнікае камічнае непаразуменне: нехта з траіх мужчын — жаніх, а нехта — выкліканы адрамантаваць зламаны кран сантэхнік. У гэтай захапляльнай гісторыі ёсць месца смеху, слязам і, вядома, каханню, якому, як вядома, усе вякі пакорлівыя.
«Божьи одуванчики» — лёгкі камедыйны спектакль з займальнай інтрыгай і анекдатычным сюжэтам. Як вадэвілю, яму ўласцівыя імклівы рытм, лёгкасць дыялогаў, яркасць і выразнасць характараў. Іранічны фразеалагізм, прызначаны для характарыстыкі старога, спарахнелага, незласлівага і неабароненага чалавека, не мае нічога агульнага з персанажамі спектакля. Жыццялюбныя «одуванчики» лёгка дадуць фору маладым, а значыць, «старую гвардыю» рана спісваць з рахункаў.

Рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Кашпур. Мастак-пастаноўшчык Дзмітрый Нуянзін. У спектаклі заняты артысты: Таццяна Дарагабед, Наталля Кашпур / Галіна Агейкіна, Ігар Бурак, Мікалай Герасіменя, Наталля Буднік / Марыя Міжыгурская, Павел Мікулік.
Прэм'ера — 17 лютага 2024 года.
Узроставае абмежаванне - 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
23 красавіка (19:00) - лірычная камедыя «СТАРАЯ ЗАЙЧИХА» М.Каляды.

Сюжэт п'есы з дзіцячай назвай трохі абсурдны. Яны былі юнымі вар'яцка закаханымі мужам і жонкай. Пасля заканчэння тэатральнай вучэльні артыстычную кар'еру пачыналі ў перыферыйным Шадрынскам гарадскім драматычным тэатры, дзе Яна грала Старую Зайчыху, а Ён - Зайку-Зазнайку. Потым быў тэатр у Сяміпалацінску, Бійску, Кургане… Здарылася так, што яны разышліся. І вось праз 30 гадоў у нейкім далёкім паўночным мястэчку, у глухім гасцінічным нумары, яны «нечакана» сустракаюцца зноў. Яна жыве ў Маскве, працуе ў гастрольным аб'яднанні, халтурыць тамадой на вяселлях і іншых урачыстасцях. У гэтым забытым Богам месцы апынулася, склаўшы шыкоўны кантракт – павінна іграць у канцэрце для мясцовых жыхароў знакамітую афрыканскую спявачку, і для гэтага ёй давядзецца намалявацца чорным грымам. Ён гібее ў глухім доме культуры гэтага мястэчка, кіруе драмгуртком і разам з тым працуе асвятляльнікам і гукааператарам. Вось Ён і зладзіў гэту нібыта выпадковую сустрэчу. Для чаго Яму трэба было ўбачыць Яе? Ці было гэта развітаннем, каяннем, спробай вярнуць мінулае ці жаданнем пераканацца, што жыццё пражыта дарма, калі і ўспомніць няма пра што, апроч роляў, сыграных некалі ў дзіцячых казках?

Рэжысёр-пастаноўшчык Ларыса Пакрэўская. Мастак-пастаноўшчык Вольга Машкова. Харэограф Аляксандр Ціханаў. Асістэнт рэжысёра Лілія Сычэўская. У спектаклі заняты артысты: Ігар Бурак, Наталля Кашпур, Кацярына Бацюня, Юлія Еўтушэнка, Вольга Мацвеева.
Прэм'ера — 6 сакавіка 2020 года.
Працягласць - 1 гадзіна 10 хвілін. Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Для дзяцей прывязуць музычную казку «ЩЕЛКУНЧИК» па п'есе А.Шаўцова. Паказы адбудуцца 23 красавіка, у 11:00 і 14:00.

Казка Тэадора Амадэя Гофмана «Шчаўкунок і мышыны кароль» – адна з самых папулярных і любімых дзецьмі ўва ўсім свеце. Яна дала волю фантазіі дарослым, якія ператварылі яе ў мноства тэатральных інтэрпрэтацый. Самай знакамітай з'яўляецца ўсім вядомы балет Пятра Чайкоўскага.
У Калядны вечар Франц і Мары атрымліваюць ад свайго хроснага Драсельмеера ў падарунак дзіўную ляльку для колкі арэхаў – маленькага выродлівага чалавечка па імі Шчаўкунок. Хросны расказвае дзецям гісторыю, як Шчаўкунок стаў такім. Мары зачаравана аповедам і верыць, што Шчаўкунок насамрэч жывы. І пазней, затрымаўшыся каля шафы, маленькая дзяўчынка робіцца сведкай бітвы паміж Шчаўкунком і Мышыным прынцам.
Тэатр з Бабруйска звярнуўся да спадчыны вялікага нямецкага казачніка з ідэяй зрабіць «Шчаўкунка» займальным дзіцячым музычным відовішчам. Героі гэтай гісторыі — Мары, Франц, Мышыны Прынц і, вядома ж, сам Шчаўкунок — паўстануць перад гледачамі спеўнымі, якія танцуюць і вандруюць па загадкавых перыпетыях сюжэту, якія расчыняць нам таямніцу Шчаўкунка. І вядома, у гэтым падарожжы гледачы ўбачаць, што можа перамагчы Мышынага Прынца і без чаго на свеце немагчыма быць самім сабой.

Рэжысёр-пастаноўшчык Дзмітрый Нуянзін. Мастак-пастаноўшчык Анатоль Драко. Аўтар п’есы - добра вядомы маскоўскі кампазітар Аляксандр Шаўцоў.
Прэм'ера — 21 снежня 2024 года.
Працягласць спектакля — 1 гадзіна 20 хвілін без антракту. Узроставае абмежаванне - 0+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі – у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
Рэжым працы касы:
аўторак-пятніца – з 12.30 да 19.30
субота-нядзеля – з 12.30 да 18.30
Выходны – панядзелак.


















Добавить комментарий