ПЕРШАЯ ПРЭМ'ЕРА Ў ЮБІЛЕЙНЫ ГОД! 4 і 15 красавіка – «ЗІМЫ НЕ БУДЗЕ?»

26.02.2026
У красавіку адбудзецца першая прэм'ера ў юбілейны год тэатра імя Якуба Коласа. Мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў ставіць добрую гісторыю для ўсёй сям'і «ЗІМЫ НЕ БУДЗЕ?» па п'есе вядомага сучаснага расійскага драматурга Віктара Альшанскага. Першыя вячэрнія паказы новага спектакля – 4 і 15 красавіка.

Многія мараць пра сапраўдную добрую сям’ю, утульную дамашнюю атмасферу… У цёткі Пашы па мянушцы Вялікая не атрымліваюцца цёплыя адносіны з сынам Пецем і ягонай жонкай. Затое да яе туляцца каты, якія таксама хочуць адчуваць сябе патрэбнымі, блізкімі для каго-небудзь, няхай і не адразу прызнаюцца ў гэтым. Разважлівы Аднавокі, вечна галодны Худы, меланхалічны Рыжы, наіўная Новенькая… Адзінокая жанчына і яе хвастатыя сябры праходзяць многія выпрабаванні, каб зразумець, што такое шчырая любоў адно да аднаго. Яны могуць пераадольваць розныя перашкоды, ствараць неверагодныя цуды і нават перамагчы саму прыроду, каб толькі захаваць сваю незвычайную сям’ю.

Наш спектакль, дзе пераплятаюцца пачуцці, ажываюць дрэвы і машыны, будзе зразумелы розным пакаленням. Артысты раскажуць гледачам, што ўсе істоты маюць права любіць і быць любімымі, а з любой складанай сітуацыі выратаваць можа толькі любоў.

Сцэнаграфію і касцюмы для новага спектакля стварае галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка. Музыка і музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Пластыка і харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Мастак па святле Давід Нураліеў. Пераклад п’есы на беларускую мову ажыццявіў Алесь Замкоўскі.

У спектаклі занятыя: Святлана Жукоўская / Таццяна Ліхачова, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь (Паша Вялікая), Галіна Букаціна, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь / Валянціна Багданава (Паша Маленькая), Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў (Аднавокі), Даніла Катовіч / Дзмітрый Філімоненкаў (Худы), Ілля Блыкін / Аляксандр Пачкаеў (Рыжы), Аліна Астрашаб / Вераніка Малашкевіч / Аксана Сурвіла (Новенькая), Аляксей Анісеня / Міхаіл Асанаў (Пеця, сын Пашы Вялікай), Надзея Радзімава / Крысціна Ульяненка (Маўчыбаба, жонка Пеці), Кірыл Гільгенберг / Аксана Сурвіла (Фордфокус, аўтамабіль Пеці), Алёна Меркушава / Ніна Обухава (Дрэва), Раман Волат / Мікалай Чарных (Міліцыянер).
Узроставае абмежаванне – 12+.
Квіткі можна набыць анлайн:
4 красавіка (18:00)
15 красавіка (19:00)
А таксама ў касе тэатра.
Тэлефон (+375 212) 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля – з 9:30 да 19:30,
перапынкі на абед – 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.



















Добавить комментарий