«ДОБРЫ ВЕЧАР, БРАТОЧКІ!.. ЭГЕ-ГЕ, КОЛЬКІ ВАС ТУТ САБРАЛАСЯ!..». 85 год НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ – КАМЕДЫЯ «НЕСЦЕРКА»

18.05.2026

18 мая 2026 года тэатр імя Якуба Коласа адзначае 85-годдзе з дня прэм’еры легендарнага спектакля «Несцерка».

Камедыя «Несцерка» па п’есе Віталя Вольскага нарадзілася перад самым пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, 18 мая 1941 года. Для яе пастаноўкі быў запрошаны рэжысёр-пастаноўшчык Навум Лойтар, які да гэтага працаваў у тэатрах Украіны. Сцэнаграфію і касцюмы прыдумаў мастак Ліпа Кроль, вядомы на той час плакатыст і сцэнограф, які афармляў спектаклі ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, а таксама і ў БДТ-2. А музыку прыдумаў не менш выдатны беларускі кампазітар Ісак Любан. Яшчэ ў 1930-я гады моладзь з задавальненнем распявала яго лірычныя песні, тую ж «Дзе ты, чарнавокая?» на вершы Андрэя Ушакова, паэта, які потым загіне на фронце.

      

У спектаклі былі занятыя карыфеі БДТ-2 (у далейшым Коласаўскага тэатра): Аляксандр Ільінскі (Несцерка), Цімох Сяргейчык (шкаляр Самахвальскі), Яніна Глебаўская (пані Мальвіна), маладыя Анатоль Шэлег (Юрась) і Зінаіда Канапелька (Наста), Іосіф Матусевіч (Суддзя), Анатоль Трус (Мацей).

    

Дарэчы, перад самай прэм’ерай тэатр падзяліўся на дзве паловы: адна спектакль падтрымлівала, другая – не. І было вырашана пастаноўку паказаць для культурнай грамадскасці горада. Глядач прыняў новы спектакль выдатна, поспех быў неверагодны. І на гэтым творчым уздыме тэатр рушыў у гастрольную паездку ў Выбарг і Петразаводск. У апошнім з іх і была паказана ўжо афіцыйная прэм’ера для шырокага гледача.

У першы дзень спектакль не змаглі сыграць па той прычыне, што вагон з касцюмамі прапаў недзе ў дарозе. Абзванілі ўсе тэлефоны, аказалася, што недзе на далёкай станцыі адбылося крушэнне, і вагон пашкоджаны. Перагрузіць і даставіць касцюмы цягніком можна толькі на трэці дзень. Тэатру выдзелілі гідрасамалёт. Наступным вечарам ізноў у тэатры сабралася публіка, а касцюмаў усё няма. Прапануюць іграць у іншых касцюмах. Але артысты не ўяўляюць, як гэта магчыма. І тут пазванілі па тэлефоне: гідрасамалёт прывадніўся нарэшце на Анежскім возеры. Прынеслі касцюмы, звязаныя ў клункі, пакамечаныя, падмоклыя. Усіх мабілізавалі прасаваць, сушыць, і неўзабаве спектакль пачаўся. Прайшоў ён вельмі добра. Прыём быў надзвычайны. Гледачы доўга не разыходзіліся, віншавалі, казалі, што такі спектакль сапраўды немагчыма іграць у іншых касцюмах. З нязменным поспехам спектакль прайшоў некалькі разоў.

Пазней ён паказваўся ва Уральску, дзе наш тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі пад час Вялікай Айчыннай вайны. Цікавы факт, што петразаводскія чыгуначнікі ў знак падзякі за выдатны спектакль пераправілі туды вагон з дэкарацыямі і касцюмамі. А потым адбыўся паказ у Арэхава-Зуеве. Там яго пабачыў Міхаіл Іванавіч Калінін, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, і быў ад яго ў захапленні. Магчыма, гэты факт і паспрыяў таму, што ў 1946 годзе стваральнікі спектакля былі ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй.

Першы склад трымаўся вельмі доўга, аж да сярэдзіны 1960-х. Потым эстафету ад першапраходнікаў пераняло другое пакаленне. Роля Несцеркі перайшла да Фёдара Шмакава, пазней народнага артыста СССР. Шкаляром стаў Мікалай Цішачкін, пазней заслужаны артыст БССР. Мальвіну іграла Зінаіда Канапелька, пазней народная артыстка БССР, якая вельмі добра ведала спектакль. Насту даволі доўга, аж да 1980-х іграла Людміла Заграбельная. Вобраз Юрася стварыў Генадзь Гарбук, пазней народны артыст БССР. Потым – малады артыст Аляксандр Кацельнікаў, а ўжо ў 1970-я яго стаў іграць і Пятро Ламан, цяпер заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. Гэта была адна з першых яго роляў у Коласаўскім тэатры.

Потым змянілася яшчэ некаклькі складаў. У гэты час у тэатры з’явіліся дзве новыя Настачкі – Святлана Жукоўская і Наталля Аладка.

  

У 2006 годзе адбылася генеральная рэканструкцыя спектакля. Над ёй працавалі рэжысёр Віталь Баркоўскі, мастакі па касцюмах Пятро Анашчанка (ён жа быў і сцэнограф) і Ніна Бабровіч. Музычная рэдакцыя Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Мікалай Падаляк.

Сярод выканаўцаў галоўных роляў: Пятро Ламан (Несцерка), Раіса Грыбовіч (Мальвіна), Алена Шарэпчанка (Наста). Потым гэтая роля галоўнай гераіні пяройдзе да Юліі Цвікі і Ульяны Ацясавай.

    

  

Юрася пэўны час іграў Яўген Сакольскі, Святаслаў Астрамовіч, Аляксандр Базук, потым Арцём Блахін, а сёння – Антон Бараноўскі.

Цішачкіна-Шкаляра пасля яго трагічнай смерці замяніў Міхась Краснабаеў, потым ролю выконвалі Максім Фралоў, Максім Каржыцкі, Раман Салаўёў, Аляксандр Казлоў. Сёння ў ролі шкаляра Самахвальскага – Яўген Бераснеў.

Ролю Мацея пасля Анатоля Труса ігралі Барыс Крупскі, Леанід Трушко, Пятро Ламан, Віктар Дашкевіч, цяперашні бацька Насты – Генадзь Гайдук, уладальнік  медаля Францыска Скарыны.

    

Вобраз Суддзі сёння стварае Вячаслаў Грушоў, да гэтага ў яго ўносілі свае цікавыя рысы Алесь Лабанок, Баляслаў Сяўко і Валянцін Салаўёў.

    

У ролях шляхцюкоў, пасля заслужанага работніка культуры БССР Якава Буракова і непараўнальнага народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса, уладальніка медаля Францыска Скарыны Юрася Цвіркі, Арцёма Бародзіча і Уладзіслава Жураўлёва, можна ўбачыць заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Георгія Лойку і Аляксея Анісеню.

  

  

Пана Бараноўскага зараз іграе Юрась Цвірка пасля цэлай кагорты выканаўцаў - заслужаныя артысты БССР Сцяпан Скальскі і Барыс Левін, народны артыст БССР Уладзімір Куляшоў, Аляксандр Фралоў, Сымон Кохан, Валянцін Цвяткоў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько і Аляксандр Базук.

Спектакль жыве. Безадносна да свайго ўзросту, да змены акцёрскага складу. Значыць, у ім ёсць вельмі істотная ідэя, закладзеная яго стваральнікамі, што забяспечыла яму доўгае і паўнавартаснае сцэнічнае жыццё.

Запрашаем усіх гледачоў 22 мая, а 19-й гадзіне, паглядзець тэлеперадачу на канале «Беларусь-4» (праграма «Вячэрні Віцебск»), прысвечаную 85-годдзю з дня прэм’еры спектакля з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Пятра Ламана, вядучага майстра сцэны Раісы Грыбовіч і літаратурнага рэдактара тэатра Юрыя Іваноўскага. 

19 мая, 17:00, запрашаем у малую залу Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна на творчую сустрэчу з артыстамі Коласаўскага тэатра ў рамках праекта «Коласаўцы» з нагоды юбілею легендарнага спектакля.

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X