АКТРЫСА, ВЯДУЧЫ МАЙСТАР КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЫ ВОЛЬГА КУЛЯШОВА АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ – 60-ГОДДЗЕ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ

08.08.2026
Нарадзілася Вольга Уладзіміраўна Куляшова ў 1966 годзе, адразу пасля прыезду яе бацькоў – артыстаў Уладзіміра Аляксеевіча Куляшова і Ніны Васільеўны Левашовай – у Віцебск. Усё дзяцінства прайшло ў тэатры, сярод дэкарацый, грымёрных столікаў і шумнага натоўпу акцёраў. Такі лёс усіх акцёрскіх дзяцей.

Вядома, на фармаванне Вольгі Куляшовай як асобы асаблівы ўплыў аказаў бацька, народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў. Актрыса ўспамінае, з якой любоўю і пашанай тата адносіўся да сваіх блізкіх людзей. Яго вельмі хвалявала і ўсцешвала, калі яна прыходзіла глядзець спектаклі, дзе ён іграў. Сам сустракаў Вольгу на службовым уваходзе, чакаў, быццам рыцар. Гэта было вельмі кранальна. Для яго было вельмі важна убачыць у зале родныя вочы.
У школе Вольга хацела стаць біёлагам, любіла прыроду, займалася ў гуртку юных натуралістаў і нават атрымлівала граматы. Пра тэатр думала менш за ўсё. У старэйшых класах зацікавілася паэзіяй, вядома, не без уплыву бацькоў. Аднойчы на ўроку яе выклікалі пачытаць Блока. Чытала 45 хвілін – выдала ўсё, што накапілася, з’явілася нейкае жаданне падзяліцца тым духоўным багажом, што прыйшоў да яе ад бацькоў. Для настаўніцы і ўсяго класа гэта стала адкрыццём. Дарэчы, педагог, сама прыхільніца коласаўскіх акцёраў, і параіла паступаць у тэатральны. І тут хочацца яшчэ дадаць, што любоў да выдатнай літаратуры, найперш класічнай актрыса пранесла праў усё жыццё.
Кіраваў курсам у тэатральна-мастацкім інстытуце выдатны беларускі рэжысёр Андрэй Фёдаравіч Андросік. Пасля першых крокаў на коласаўскай сцэне Вольга перайшла ў Альтэрнатыўны тэатр (Мінск), хоць і ў Віцебску былі цікавыя работы, напрыклад, Мар’я Антонаўна ў «Рэвізоры», які ставіў Барыс Эрын. Тут сышліся ўсе ўтрох: мама іграла Ганну Андрэеўну, бацька – Восіпа.

Сярод іншых работ – мадам Карлье («Блэз» К.Манье). Але запрасілі ў Мінск, там фактычна сабраўся ўвесь курс, і гэты кліч аказаўся мацнейшым. Потым, на жаль, па прычынах фінансавых, тэатр быў расфарміраваны, і актрыса вярнулася ў Віцебск. Цягам дваццаці пяці гадоў яна сыграла розныя ролі: камедыйныя, драматычныя, лірычныя, багата было казачных персанажаў. Як мяркуе сама Вольга Уладзіміраўна, артысту важна паспрабаваць розныя жанры. Калі ён іграе толькі камедыйныя ролі ды казкі, гэта ненармальна, акцёр пачынае хварэць. У той жа час ёсць выканаўцы, якія выдатныя комікі ад Бога. Яны самі гэта разумеюць і не вельмі імкнуцца сыграць іншыя ролі. У творчасці самой Вольгі Уладзіміраўны пераважалі вобразы, дзе перапляталіся смешнае і драматычнае. Напрыклад, Даша («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка), Ілона з «Метамарфоз кахання» («Гульня з кошкай») І.Эркеня, Ласкіна з «Пазычанага шчасця» Ф.Палачаніна альбо Мамаева з «Мудрацоў» А.Астроўскага.
У актрысы ёсць добрая ўласцівасць – гэта цудоўнае пападанне ў стылістыку спектакляў, па-мастацку асабліва вытанчаных, інтэлектуальных. Асабліва тут прыгадваюцца спектаклі Віталя Баркоўскага: «Жанна» Ж.Ануя (Агнеса), «Пісьменныя» М.Чокэ (Медсястра), «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў» Т.Уільямса (Нёрсі), «Зямля» паводле Я.Коласа (Кветка шчасця) і іншыя.

Актрыса і па сёння з вялікай цеплынёй прыгадвае творчае супрацоўніцтва з Генадзем Шкуратавым ў спектаклі «Адэлаіда» Ж.Унгарда і Антонам Грышкевічам у «Фрэкен Юліі» А.Стрындберга. Мастацкі вынік быў відавочны, пэўна таму, што гэтыя рэжысёры ішлі ад акцёра, улічвалі яго індывідуальнасць. Вобразы Люські і Хрысціны, створаныя Вольгай Куляшовай, сталі сапраўдным творчым прарывам.
Вобраз Хрысціны для маладой актрысы быў першым сутыкненнем з матэрыялам такога ўзроўню. Выканаўца стварыла складаны, шматзначны характар, насычаны пачуццёвасцю, з высокім градусам эмоцый і жарсцяў. Кожны з герояў бачыць свой сон, які сутнасна выяўляе яго падсвядомыя жаданні. Сон Хрысціны расшыфроўваўся пластычна – дзяўчына лавіла рукамі пустое паветра.

У вобразе Люські з «Адэлаіды» актрыса Вольга Куляшова знаходзіла не толькі камедыйныя (згодна з жанрам п’есы і спектакля), але і драматычныя, тужлівыя ноткі. Люську было шкада з-за яе няўдачлівасці. У нечым яна была падобнай да гераінь Таццяны Васільевай з іх жыццёвай актыўнасцю і прыхаваным смуткам. Пэўна ж, лёс галоўнай гераіні Адэлаіды нейкім чынам праекцыяваўся і на гэты вобраз, створаны Вольгай Куляшовай.


Вельмі ўдзячна актрыса і Рыду Таліпаву, які разгледзеў у ёй такія рэчы, пра якія Вольга Уладзіміраўна і сама не ведала. Разлічвала на сумесную работу ў далейшым, але жыццё, на жаль, унесла свае карэктывы.
Паводле Астроўскага, гэта адзiная гераiня, якая па сваiх разумовых здольнасцях можа зраўнавацца з Глумавым, таму Ягору Дзмiтрыевiчу трэба так тонка сыграць страсць, каб самому амаль паверыць у iлюзорнае пачуццё. У спектаклi адбывалася крыху iнакш. Каханне, захопленасць Глумавым спярша асляпляюць розум Мамаевай, i яна робіцца слабой, безабароннай жанчынай. А потым помсцiць, жорстка помсцiць за сваю прынiжаную жаночую годнасць. Вольга Куляшова будавала гэты вобраз на кантрасце: у першай дзеi – гратэск, буфанада, у другой – узнiкае драматызм, i тады мы бачым моцны валявы жаночы характар.

На сённяшні дзень у Вольгі Уладзіміраўны ёсць работы як у дзіцячым, казачным рэпертуары, так і ў даволі сур’ёзнай дарослай драматургіі. Да ліку першых можна аднесці вобразы Ізольды (Вялікай Чараўніцы Кошкі) са спектакля «Усе мышы любяць сыр» па п’есе венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана, Лісы і Старой качкі з казак Васіля Ткачова «Як воўк мамай быў» і «Шэрая шыйка» (паводле Д.Маміна-Сібірака), Воблачка з «Агнявога Льва» Андрэя Кружнова.


Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе такія персанажы з сучаснай замежнай драматургіі, як П’ерэта з дэтэктыву Рабэра Тама «Восем закаханых жанчын», Агуста з меладрамы Франсуазы Саган «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» і міс Пэціктан з камедыі «Мая жонка – падманшчыца» Маргарэт Мэё і Морыса Энэкена. Бадай, адзінае, што іх аб’ядноўвае, – гэта адзінота, жаночая неўладкаванасць, абдзеленасць каханнем, мужчынскім клопатам. Адрознівае – непадобнасць характараў.

Моцная, незалежная, здольная высмеяць, пакпіць, выставіць на паказ чалавечыя заганы, прагматычная П’ерэта.

Хітраватая, сабе на розуме Агуста, якая таксама не супраць урваць добры кавалак. А яшчэ яе апякае каханне-жарсць да Антуана, які далёкую сваячку свайго былога апекуна цярпець не можа. Магчыма, за яе хцівасць, крывадушнасць. У нейкім сэнсе гэта крывое люстэрка тых пачуццяў, што агортваюць пару цэнтральных герояў – Шарлоту і Леапольда.
У гэтых ролях актрысе спатрэбілася яе ўменне адчуваць стылістыку вобраза, стыль спектакля, калі адмоўныя персанажы хаваюцца за прыгожай абгорткай, здольнасцю прывабна падносіць сябе праз касцюм, вытанчанасць пластыкі.
У спектаклі «Саня, Ваня, з імі Рымас» па п’есе Уладзіміра Гуркіна актрыса стварыла вобраз Ганны – адной з трох сёстраў. Вольга Куляшова дакладна перадае ўсе адценні душэўных перажыванняў сваёй гераіні. Выконвае яна гэтую ролю эмацыйна, нястрымна ў першай дзеі, абараняючы ў застоллі гонар свайго мужа-інваліда. У той перыяд, які праходзіць паміж першай і другой дзеяй, жанчына здзяйсняе злачынства, учыняе па сутнасці забойства (быццам няшчасны выпадак) старшыні калгаса, што паспрыяў самагубству мужа. У другой дзеі актрыса больш перадае сваю адзіноту і шчыра радуецца вяртанню Івана, мужа Аляксандра.


А ў спектаклі «Кара-ціці-кара» («Удовін параход») па п’есе І.Грэкавай і П.Лунгіна Вольга Куляшова сыграла ролю былой аперэтачнай актрысы Ады Ульскай. Галоўнае, што паказала актрыса, гэта абдзеленасць гераіні звычайным жаночым шчасцем. Адсюль яе канфлікты з Вольгай Флёравай, да якой заляцаецца Фёдар, праўда, безвынікова.


Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе актрысу Вольгу Уладзіміру Куляшову з юбілейнай датай
і зычыць ёй моцнага здароўя, творчага даўгалецця,
далейшага ўдасканалення свайго майстэрства,
новых цікавых роляў на карысць беларускаму сцэнічнаму мастацтву!


















Добавить комментарий