ЧАЦВЁРТАЯ ТЭАТРАЛЬНАЯ ЛАБАРАТОРЫЯ НА XXXIV МІЖНАРОДНЫМ ФЕСТЫВАЛІ МАСТАЦТВАЎ «СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ»

02.07.2025
У час XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў чацвёрты раз адбудзецца тэатральная лабараторыя. З 7 па 14 ліпеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імю Якуба Коласа майстар-класы правядуць выкладчыкі Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва (ГІТІС).
Сёлета ў лабараторыі бяруць удзел студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры і мастацтваў, Віцебскага, Гродзенскага і Магілёўскага каледжаў культуры і мастацтваў, артысты драматычных тэатраў Беларусі, а таксама выкладчыкі Віцебскага і Магілёўскага каледжаў культуры і мастацтваў.
Заняткі па сцэнічным руху правядзе Пётр Новікаў, старшы выкладчык кафедры сцэнічнай пластыкі ГІТІСа. У 2004 годзе ён скончыў Краснаярскую дзяржаўную акадэмію музыкі і тэатра. Рэжысёр, пастаноўшчык, акцёр, педагог акцёрскага майстэрства, сцэнічнага руху, бою, фехтавання, сучаснага танца. Працаваў у Маскоўскай школе новага кіно (МШНК), Інстытуце тэатральнага мастацтва імя І.Д.Кабзона, Інстытуце (Акадэміі) рускага тэатра, Вышэйшай школе кіно і тэлебачання «Астанкіна». Ажыццяўляў пастаноўкі на шматлікіх сцэнах: Тэатр Стаса Наміна, Тэатр на Таганцы, Маскоўскі тэатр аперэты, Краснаярскі тэатр оперы і балета, Тэатр Пушкіна (г.Краснаярск), Тэатр Маякоўскага (г.Нарыльск), Тэатр-Лабараторыя Мостлаб. Пётр Мікалаевіч - прыхільнік таго, каб артыст кожную секунду на сцэне праводзіў усвядомлена, выразна разумеючы заданне і выконваючы яе. Пастаноўкі ў розных тэатрах, праца з артыстамі розных жанраў дазволілі распрацаваць універсальныя і індывідуальныя метады працы з акторамі.
Майстар-класы па сцэнічным маўленні правядзе Святлана Юр'еўна Ягорава, выкладчык кафедры сцэнічнага маўлення ГІТІСа. Скончыла Саратаўскую дзяржаўную кансерваторыю (акадэмію) імя Л.В.Собінава па спецыяльнасці «акцёрскае мастацтва» (2013). Актыўна працавала артысткай у Маскоўскім тэатры лялек, у Драматычным тэатры «Вярнадскага, 13».

Традыцыйна, ужо ў чацвёрты раз, педагогам на занятках па акцёрскім майстэрстве будзе прафесар, кандыдат мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, выкладчык ГІТІСа Аляксандр Аляксандравіч Бармак. Віцябчанам ён вядомы як рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар сцэнаграфіі і музычнага афармлення спектакляў «Гамлет» У.Шэкспіра і «Дамы і гусары» А.Фрэдры, якія паспяхова паказваюцца на сцэне тэатра імя Якуба Коласа.
Сёлета Аляксандр Аляксандравіч прапануе слухачам тэатральнай лабараторыі папрацаваць з п'есай вядомага расійскага драматурга Аляксандра Вампілава «Паляванне на качак».
Адкрыццё лабараторыі адбудзецца 7 ліпеня (11:00).
Закрыццё і адкрыты паказ сцэн з п'есы «Паляванне на качак» - 14 ліпеня (14:00).


















Добавить комментарий