ФЕСТЫВАЛЬ У СЛАВЕНІІ ПАШЫРЫЎ ПЕРСПЕКТЫВЫ СУПРАЦОЎНІЦТВА
6 красавіка 2013 года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прэзентаваў спектакль «Леанарда ?» у пастаноўцы Аляксандра Марчанкі ў межах міжнароднай праграмы фестываля «43-ці Тыдзень Славенскай драмы» ў горадзе Крань, Славенія.
Сёлета ў фестывалі ўзялі ўдзел 7 спектакляў з замежных краінаў (Аўстрыя, Балгарыя, Японія, Тайвань, Швецыя, Беларусь) і 12 славенскіх пастановак. У конкурснай праграме ўдзельнічалі выключна спектаклі славенскіх тэатраў.
На паказе спектакля Коласаўскага тэатра прысутнічалі не толькі звычайныя глядачы, але і прадстаўнікі тэатраў Фінляндыі, Славеніі, Японіі, Грэцыі, Аўстрыі, Сербіі… Выступ «коласаўцаў» атрымаў высокую ацэнку. Глядач прымаў беларускіх гасцей надзвычай прыхільна. У пастаноўцы адзначылі кранальнасць і глыбіню, цудоўную рэжысуру і прафесіяналізм артыстаў. Спектакль ішоў па-беларуску са славенскімі субтытрамі, што ніякім чынам не замінала ўспрыняццю дзеяння на сцэне: глядач рэагаваў ажыўлена і чулліва. Спадар Эвальд Флізар – славенскі драматург, аўтар п’есы «Як наконт Леанарда?», паводле якой здзяйснялася пастаноўка, лаўрэат прэміі за лепшую п’есу 2013 года, ухваліў скарачэнні і некаторыя змены ў фінале твора і выказаў захапленне ўбачаным. У выніку славенскі драматург паабяцаў рэкамендаваць спектакль для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі ў Індыі.
Падчас «Тыдня славенскай драмы» дасягнутая папярэдняя дамоўленасць пра ўдзел тэатра ў фестывалі ў Сербіі ў наступным годзе. Адбыўся абмен драматургічнымі тэкстамі: коласаўскі тэатр атрымаў зборы п’ес славенскай і фінскай драматургіі ў перакладзе на ангельскую мову. Тэатру імя Якуба Коласа прапанавана ўдзельнічаць у новым перспектыўным фестывалі сучаснай славянскай драмы, які плануе распачаць сваё існаванне ў бліжэйшы час.
Падчас фестывальных дзён атрымалася ўсталяваць новыя кантакты – з прадстаўнікамі тэатраў Славеніі, Фінляндыя, Пуэрта-Рыка, Грэцыі. «Коласаўцы» маюць папярэднюю ўзгодненасць з дырэктарам Прэшырэн-тэатра і мастацкім кіраўніком наконт абменных гастроляў паміж тэатрам горада Крань і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. Валерый Анісенка, мастацкі кіраўнік тэатра, узяў удзел у сустрэчы дырэктараў міжнародных фестываляў і драматургаў краінаў Еўропы, падчас якой адбыўся абмен і назапашванне інфармацыі, неабходнай для арганізацыі фестываля ў Віцебску.
Творчая група Коласаўскага тэатра пазнаёмілася з фестывальнымі спектаклямі, у тым ліку ўдзельнікаў з Японіі і Славеніі, а таксама прысутнічала на цырымоніі закрыцця фестываля, на якой гасцей прывітаў міністр культуры Славеніі. Ён выказаў удзячнасць за стварэнне цудоўнай атмасферы фестываля.
Фотаздымкі з фестываля можна паглядзець тут.
Добавить комментарий