КАМЕДЫЯ «ШТО БАЛІЦЬ?». АПОШНІ ПАКАЗ

Сцэнічнае жыццё спектакля, зрэшты, як і чалавечае жыццё, мае пэўныя межы. Ёсць дзень, калі ён нараджаецца, ёсць пік яго поспеху, папулярнасці, але ёсць дзень, калі гледачы, ды і акцёры вымушаны развітацца з яго героямі. Можа, камусьці здасца гэта сумным, несправядлівым, але такія законы тэатра.
19 ліпеня адбудзецца апошні паказ камедыі Лявона Агулянскага «Што баліць?». На працягу пяці год (прэм’ера адбылася 9 сакавіка 2013 года) артысты, занятыя ў ёй, радавалі гледача. Ну а для тых, хто ўсё ж такі яе не пабачыў, запрашаем у тэатр. Гарантуем: сумаваць не будзеце!
Дзеянне камедыі адбываецца ў навагоднюю ноч. Ну а які Новы абыходзіцца без цуда!
«Хуткая медыцынская дапамога» не ведае святаў. І трэба ж было такому здарыцца, што якраз у навагоднюю ноч у дзяжурнага доктара Колі Лосева нарадзіўся сын. Вось і даводзіцца вадзіцелю Сцяпану падмяняць шчаслівага бацьку, які адзначыў сямейнае свята бутэлечкай шампанскага. Сустрэчы па выкліку і складаюць сюжэт камедыі.
А дзіва ў навагоднюю ноч усё ж такі здараецца: Сцяпан сустракае былога аднакласніка і сваё першае каханне…
Галоўную ролю Сцяпана выконвае вядучы майстар коласаўскай сцэны Юрась Цвірка. У спектаклі таксама занятыя: заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Пашуцін) і Галіна Букаціна (Жанна), артысты Арцём Блахін (Коля Лосеў), Святлана Жукоўская (Агурцова), Вольга Куляшова (Забалоцкая), Анжаліка Баркоўская (Агатава), Наталля Аладка (Снягурачка, Люда), Генадзь Гайдук і Уладзімір Сівіцкі (Лакаў), Ірына Цішкевіч (Каця).
Квіткі на апошні спектакль «Што баліць?» можна набыць у касе тэатра і на сайце kvitki.by.


















Добавить комментарий