КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР СУСТРАКАЕ ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ РАЗАМ З НЕСЦЕРКАМ

 

21 лістапада па традыцыі мы, коласаўцы, а таксама ўсе нашы прыхільнікі, адзначаем Дзень нараджэння тэатра. Менавіта ў гэты дзень, 97 год таму, адбылося ўрачыстае адкрыццё БДТ-2 – Беларускага дзяржаўнага тэатра Другога, цяперашняга Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. З гэтай нагоды ў 19:00 на вялікай сцэне будзе паказаны спектакль, які ўжо даўно стаў нашай візітоўкай, – камедыя Віталя Вольскага «Несцерка».

 

Прэм’ера адбылася яшчэ ў маі 1941 года ў пастаноўцы Навума Лойтара. Сцэнаграфія і касцюмы Ліпы Кроля. Музыка Ісаака Любана. У 1946 годзе спектакль быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Усе пакаленні артыстаў-коласаўцаў прайшлі праз «Несцерку». Першымі выканаўцамі цэнтральных роляў былі карыфеі віцебскай сцэны – народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі (Несцерка), народныя артысты БССР Яніна Глебаўская (Мальвіна), Цімох Сяргейчык (шкаляр Самахвальскі), Анатоль Шэлег (Юрась), Зінаіда Канапелька (Наста), Анатоль Трус (Мацей), Іосіф Матусевіч (Суддзя), заслужаны артыст БССР Сцяпан Скальскі (пан Бараноўскі).

 

У 2006 годзе адбылося капітальнае ўзнаўленне спектакля. Рэжысёр аднаўлення – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Мастак аднаўлення Пятро Анашчанка. Мастакі па касцюмах Ніна Бабровіч і Пятро Анашчанка. Музычная рэдакцыя Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Мікалай Падаляк.

У гэты дзень народзінаў на сцэну ў галоўных ролях папулярнага спектакля выйдуць уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан (Несцерка), Раіса Грыбовіч (Мальвіна), Яўген Бераснеў (шкаляр Самахвальскі), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Суддзя), уладальнікі медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук (Мацей) і Юрась Цвірка (пан Бараноўскі), Ульяна Ацясава (Наста), Антон Бараноўскі (Юрась), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Першы шляхцюк), Уладзіслаў Жураўлёў (Другі шляхцюк).

 

Сюжэт спектакля заснаваны на беларускіх народных казках. Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту, дачку ганчара Мацея. Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста – Шкаляра. І тут на дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка. Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце Шкаляра, ашукаць Суддзю, «адправіць» жаніха-прайдзісвета ў «замежныя краіны» і ўрэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу Насты з Юрасём.

 

Да гэтага часу спектакль жыве і радуе сапраўдных і адданых прыхільнікаў нашага Коласаўскага тэатра.

Квіткі на спектакль «Несцерка» можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах kvitki.by і 24afisha.by.

Адсвяткуем дзень нараджэння тэатра разам!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

               

 

X