МАЛЬЕР НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ. ПРЭМ'ЕРА КАМЕДЫІ «НІБЫТА ХВОРЫ»
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа звяртаецца да еўрапейскай класікі. 8 снежня (19:00) і 9 снежня (18:00) на вялікай сцэне адбудзецца прэм’ера спектакля «Нібыта хворы» – знакамітай камедыі сусветна вядомага французскага драматурга Жана-Батыста Мальера.
Галоўны герой, спадар Арган лічыць сябе самым хворым на свеце. Але чым ён хварэе і ці хворы ўвогуле – ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна хоча завалодаць багаццем мужа, а падчарку аддаць у манастыр. Арган жа збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка закаханая зусім у іншага юнака, які адказвае ёй узаемнасцю. Дапамагчы маладым стаць шчаслівымі бярэцца служанка Туанэта. Ці атрымаецца гэта ў яе?.. Глядзіце спектакль і даведаецеся!
П’еса Мальера высмейвае фанабэрыстасць, надумлівасць, глупства, прагу да грошай. Рэжысёр і аўтар музычнага афармлення, вядомы віцебскі творца Сяргей Талкач аддае перавагу тэатру ігры, тэатру прадстаўлення, стварае фарсавае відовішча, дзе пераважаюць буфанада і гратэск. Артысты, гэтак жа, як і класічнай камедыі дэль артэ, ствараюць вобразы-маскі. У пэўны момант маскі будуць скінутыя – і глядач убачыць за вобразамі герояў асобы саміх акцёраў.
Сцэнаграфію і касцюмы стварае вядомая ў Беларусі мастачка тэатра Алена Ігруша. Харэограф Дзіяна Юрчанка. Пераклад п’есы на беларускую мову ажыццявіў Пятро Ламан.
Летась споўнілася 400 год з дня нараджэння, а сёлета 350 год з дня смерці Мальера. Пра яго мастацтва з захапленнем казаў Міхал Булгакаў: «І люблю яго не толькі за тэмы п'ес, за характары яго герояў, але і за дзіўна моцную драматургічную тэхніку. Кожнае з'яўленне дзейнай асобы ў Мальера патрэбна, абгрунтавана, інтрыга закручана так, што звяна выняць нельга».
У спектаклі Коласаўскага тэатра занятыя: Аляксей Анісеня / Яўген Бераснеў (Арган), Раіса Грыбовіч / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Беліна), Ксенія Камінская / Дар’я Французава (Анжаліка), Зінаіда Гурбо / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Луізон), уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Беральд, спадар дэ Бонфуа), Дзмітрый Філімоненкаў / Дзмітрый Каваленка (Клеант), Цімур Жусупаў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка (спадар Дыяфуарус, Пургон), Антон Бараноўскі / Раман Волат (Тама Дыяфуарус, Флеран), Вікторыя Шамардзіна / Алена Шарэпчанка (Туанэтта).
Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах:
24afisha.by – 8 снежня (19:00) і 9 снежня (18:00)
kvitki.by – 8 снежня (19:00) і 9 снежня (18:00)
Чакаем вас у Коласаўскім тэатры!
Добавить комментарий