НАПАЧАТКУ КАСТРЫЧНІКА - ГАСТРОЛІ СВЯРДЛОЎСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА АКАДЭМІЧНАГА ТЭАТРА МУЗЫЧНАЙ КАМЕДЫІ
З 1 па 3 кастрычніка на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа - гастролі Свярдлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі. Госці з Екацярынбурга пакажуць спектаклі «Тётка Чарли», «Оттепель» і «Звёздные песни».
Адкрые гастролі 1 кастрычніка (19:00) - музычная камедыя-фарс на дзве дзеі «ТЁТКА ЧАРЛИ» Оскара Фельцмана па п'есе Брэндана Томаса.
Выхаваным ангельскім дзяўчынам нельга сустракацца з мужчынамі сам-насам. Калі багатая цётачка містара Чарлі не прыедзе да сняданку, двое сяброў-студэнтаў гэтак і не змогуць прызнацца ў каханні. Ці змогуць? Бо гаварун і весялун Бабс у дамскай сукенцы — вылітая донна Люцыя! Толькі вось бяда: мільёны ўдавы з Бразіліі — занадта спакуслівая прынада! Рукі і сэрца лжэ-цёткі дамагаюцца дакучлівыя прыхільнікі, і няшчасны Бабс змушаны «ламаць камедыю», заміж таго, каб сустрэцца з дзяўчынай, у якую закаханы…
П'еса Брэндана Томаса - адна з лепшых камедый у гісторыі сусветнай драматургіі. У твора доўгі і шчаслівы лёс - з 1925 па 1996 год вядомы як мінімум трыццаць экранізацый на розных мовах свету. Адной з лепшых лічыцца амерыканская стужка 1941 года знакамітага рэжысёра Арчы Мэё, які свой першы фільм паставіў яшчэ ў 1917 годзе, у эпоху нямога кіно.
Свярдлоўскі тэатр абяцае, што іх спектакль будзе не толькі неверагодна смешным, але і незвычайна элегантным, бо стыль эпохі мадэрну і эстэтыка нямога кіно вызначаюць афармленне спектакля.
Кароль нямога кіно Чарлі Чаплін казаў, што «дзень без смеху - гэта страчаны дзень». Спектакль «Тётка Чарли» вылечыць нават самую зацяжную дэпрэсію! Тры оксфардскія студэнты навучаць вас ніколі не маркоціцца і выкручвацца з кожнай сітуацыі. Нават калі акалічнасці патрабуюць іх пераапрануцца ў жанчыну!
Лібрэта Уладзіміра Палякова. Вершы Роберта Раждзественскага. Рэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Стрэжнеў, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска», лаўрэат Прэміі Урада РФ, народны артыст Расіі. Дырыжор-пастаноўшчык Уладзімір Вішнеўскі, заслужаны артыст Расіі. Мастак-пастаноўшчык Сяргей Аляксандраў. Харэограф-пастаноўшчык Ашот Назарацян. Гукарэжысёр Сяргей Мешчаракоў. Мастак па свеце Вольга Смірнова.
Прэм'ера адбылася 18 снежня 2009 года. І да гэтага часу мае поспех у расійскага гледача.
Працягласць - 2 гадзіны 20 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
У аператара квіткоў kvitki.by.
2 кастрычніка (19:00) - мелодыі лёсу на адну дзею «ОТТЕПЕЛЬ». Спектакль-прысвячэнне савецкім спявачкам Ніне Бродскай, Аідзе Ведзішчавай, Ларысе Мандрус.
П'янлівае адчуванне свабоды, шыраты свету, не падцэнзурнай творчасці і вера ў свае магчымасці неяк «раптам» змяніліся эпохай афіцыйнага мастацтва «развітага сацыялізму». «Я думала, это весна, а это ОТТЕПЕЛЬ»... «Глытка свабоды» шасцідзесятых такім, як Аіда Ведзішчава, Ларыса Мандрус і Ніна Бродская, ужо не дасталася - на піку папулярнасці спявачкі былі вымушаны эміграваць з СССР. Там, у іншым свеце, іх лёсы склаліся, увогуле, шчасліва, а на радзіме іх імёны на доўгія гады аказаліся пад забаронай. Але значна цяжэй аказалася «замаўчаць» і «выкрэсліць» з памяці суайчыннікаў іх песні, іх галасы, якія да гэтага часу гучаць «за кадрам» у фільмах «Бриллиантовая рука», «Кавказская пленница», «Иван Васильевич меняет профессию», «Джентльмены удачи»…
«Чунга-чанга», «Всё равно ты будзеш мой», «Лесной олень», «Древние слова», «Разноцветные кибитки», «Август», «Любовь-кольцо», «Тум-балалайка», «Синий лён». В спектаклі-прысвячэнні гэтыя і многія іншыя песні амаль праз паўстагоддзя прагучаць у выкананні зусім маладых артыстаў і зусім па-іншаму - не як успаміны, а як новае знаёмства, як адкрыццё. І як «мелодыі лёсу» - бесклапотнае дзяцінства, юнацтва першага кахання, мары аб славе, горыч расчаравання, боль растання і шчасце – шчасце творчасці…
У галоўнай ролі - Ірына Макарава. У спектаклі занятыя салісты і ансамбль артыстаў балета тэатра. Спектакль ідзе ў суправаджэнні джаз-квінтэта Платона Газелерэдзі.
Працягласць - 1 гадзіна 30 хвілін. Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
У аператара квіткоў kvitki.by.
3 кастрычніка (19:00) - шоу ў адным аддзяленні «ЗВЁЗДНЫЕ ПЕСНИ». Вакальны праект NON SOLO.
Тысячы светлавых гадоў ззаду, а да дома – нейкіх 24 гадзіны…
Пра што думаюць астранаўты, вяртаючыся на Зямлю? А ў нас на Зямлі самая зялёная трава каля бацькоўскага парога, пяшчотнае вуркатанне марскіх хваль падобна на буркатанне вялікага ката, садовыя яблыкі - з кулак велічынёй, і вясновы стэп у колерах – няможна нагледзецца… Ды хіба раскажаш пра ўвесь словамі?!
І спяваюць астранаўты ПЕСНІ. Зямныя! Прыгожыя! Шчаслівыя! Радасныя! Якія хвалююць сэрца і выклікаюць яркія ўспаміны!
Працягласць - 1 гадзіна 30 хвілін. Узроставае абмежаванне - 12+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
У аператара квіткоў kvitki.by.
Чакаем гледачоў на спектаклях
Свярдлоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі!
Добавить комментарий