«НЕЗАГОЙНАЯ РАНА» НА РЭСПУБЛІКАНСКІМ ФЕСТЫВАЛІ «ПЕРАМОГА»
З 13 па 23 мая на тэатральных пляцоўках Мінска адбудзецца Рэспубліканскі фестываль спектакляў ваенна-патрыятычнай тэматыкі «Перамога». Арганізатары - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы. 15 мая, 19:00, на камернай сцэне тэатра імя Янкі Купалы будзе паказаны монаспектакль «Незагойная рана» - споведзь па творах Васіля Быкава, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Пастаўлены ў 2017 годзе актрысай тэатра Зінаідай Гурбо, спектакль расказвае пра жахі Вялікай Айчыннай вайны, пра пакуты беларускага народа ў часы чорнай навалы. Сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура.
Монаспектакль складаецца з трох навел. Першая – «Незагойная рана» паводле апавядання народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Страшная трагедыя беларускага народа падаецца праз прызму ўспрыняцця простай вясковай кабеты Тэклі, якая згубіла свайго сына-салдата. Другая – «Memento mori» паводле аднайменнага апавядання Янкі Брыля, які адным з першых у беларускай літаратуры ўзняў тэму «вогненных» вёсак. Іх гора яшчэ раз нагадвае пра жудасную трагедыю Хатыні. Трэцяя – «Балада пра смяротнікаў» Уладзіміра Караткевіча. Гэта споведзь вязняў лагера смерці.
У 2018 годзе спектакль прыняў паспяховы ўдзел у VII Міжнародным тэатральным фестывалі «Театральное вече», прысвечаны 75-годдзю вызвалення Вялікага Ноўгарада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Расія).
27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, Зінаіда Гурбо была ўзнагароджаная прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная зорка». Сёлета яна святкуе 80-цігадовы юбілей, а ў наступным – 60 год служэння ў Коласаўскім тэатры.
Добавить комментарий