ШКОЛЬНЫ ТЭАТР-27. ВЫНІКІ і ЎЗНАГАРОДЫ
Гарадскі конкурс «Сцэнічныя чытанні» Школьны тэатр-27» завяршыўся. 22 красавіка, на заключным этапе, 10 тэатральных калектываў з віцебскіх школ паказвалі перад кампетэнтным журы свае спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў. 23 красавіка былі агучаныя вынікі і ўзнагароджаныя лепшыя выканаўцы і спектаклі.
Перад пачаткам заключнага этапу ўдзельнікаў і гасцей прывіталі намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Валерый Глушын і галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама Ганна Каваленка. Вяла конкурсную праграму і ўрачыстае закрыццё артыстка драмы, вядучы майстар сцэны Коласаўскага тэатра, уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка» Святлана Жукоўская.
А цяпер агучым вынікі конкурсу.
Гран-пры на «Сцэнічных чытаннях» Школьны тэатр-27» атрымаў тэатральны калектыў сярэдняй школы №21 імя Героя Савецкага Саюза В.А.Дзямідава. Кіраўнік калектыву і рэжысёр спектакля – Ульяна Ацясава.
Юныя артысты паказалі спектакль «Лісце каштанаў» паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Журы было вельмі ўражанае іх расповядам пра беларускага хлапчука Васільку, які летам 1944 года пераехаў у зруйнаваны Кіеў. Тут ён знаёміцца з кампаніяй аднагодкаў, які становяцца яму добрымі сябрамі, тут узнікае яго першае каханне з дзяўчынай Нонкай...
I месца атрымаў школьны тэатр «Вобраз» сярэдняй школы №7 за спектакль «Апошні рэйд жалезнага кіта». Аўтарам і рэжысёрам сцэнічнага твора – Ульяна Цвікі. Кіраўнік школьнага тэатра – Дзіна Трубчанінава.
Акцёры, перажываючы за экалагічнае становішча ў свеце, забруджанне сусветнага акіяна, сцвярджаюць: існаванне чалавека без прыроды немагчымае. Прыйшоў час адрадзіць самае здаровае і карыснае, прыгожае і каштоўнае ў прыродзе і ў душы чалавека.
Дыпломам «За яскравы дэбют» узнагароджаны Мікіта Еўдакімаў – за ролю Танкера. Рэжысёр спектакля Ульяна Цвікі ўзнагароджаная дыпломам «Лепшае музычнае афармленне».
I месца атрымаў узорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі за спектакль «Перапіс насельніцтва» Дзмітрыя Багаслаўскага.
Гэтая пастаноўка кранула гледачоў і журы сваёй шчырасцю. Добрая сямейная трагедыя пра каханне – такое раптоўнае, нечаканае, але такое неабходнае кожнаму чалавеку ў любым ўзросце.
Дыпломам «За лепшую галоўную жаночую ролю» ўзнагароджаная Дар’я Лукашэнка – за ролю Маргарыты Адольфаўны. Дыплом «За лепшую галоўную мужчынскую ролю» атрымаў Тарас Паташнікаў – за ролю Гены. Дыпломам «За лепшую мужчынскую ролю другога плану» ўзнагароджаны Ягор Пашкевіч – за ролю Захара Афінагенавіча. Дыпломамі «За яскравае выкананне» ўзнагароджаныя выканаўцы роляў Гарадскіх анёлаў Арына Мядзведзева і Валерый Калавайціс. Кіраўнік і рэжысёр калектыву Наталля Шлімакова ўзнагароджаная Дыпломам «За лепшую рэжысёрскую работу». Акрамя таго, калектыў узнагароджаны «Дыпломам глядацкіх сімпатый».
II месца атрымаў тэатральны калектыў гімназіі №2 за спектакль «Сны памяці» па п’есе Віталя Острава, напісанай па матывах творчасці народнага беларускага паэта Якуба Коласа. Кіраўнік калектыву і рэжысёр спектакля – Ульяна Ацясава.
Дыпломамі «За яскравае выкананне» ўзнагароджаныя Іван Ляхоўскі (Якуб Колас) і Ганна Бурдо (Марыя).
II месца атрымаў тэатральны калектыў «Прэм’ера і Ко» гімназіі №1 імя Ж.І.Алфёрава – за спектакль «Дзённік маладога настаўніка» Анастасіі Барсуковай. Кіраўнік калектыву і рэжысёр спектакля – Таццяна Быкава.
Артысты распавялі школьную гісторыю, якая раскрывае праблемы булінгу не толькі паміж аднакласнікамі, але і паміж дзецьмі і іх маладымі настаўнікамі. Такія гісторыі звычайна трымаюць у сакрэце, але юныя артысты вырашылі выказацца адкрыта і смела.
Дыпломам «За лепшую жаночую ролю другога плану» ўзнагароджаная Кіра Краснова – за ролю Дзіны. Дыпломам «За лепшую мужчынскую ролю другога плану» ўзнагароджаны Максім Сяткоўскі – за ролю Антона. Дыпломамі «За яскравае выкананне» ўзнагароджаныя Аляксандр Машук (Алік) і Мікіта Прахорскі (Кір). Анастасія Барсукова – юная аўтарка п’есы, па якой пастаўлены спектакль «Дзённік маладога настаўніка» ўзнагароджаная – прызам Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Таксама калектыў узнагароджаны дыпломам «Лепшы спектакль для юнацтва».
III месца атрымала ўзорная тэатральная студыя «Дарослыя дзеці» гімназіі №8 за спектакль «Церамок на курыных лапках» Уладзіславы Цвікі. Яна ж з’яўляецца кіраўніком і рэжысёрам калектыву.
Юныя артыст паказалі казку, у якой перамяшаліся іншыя казкі. А ў цэнтры гісторыі – Козачка, якая шукае сваіх казлянят і домік для іх.
Дыпломам «За лепшую жаночую ролю другога плану» ўзнагароджаныя Варвара Азол – за ролю Бабы-Ягі. Дыпломамі «За яскравае выкананне» ўзнагароджаныя Дар’я Спінава (Каза) і Кірыл Лапавухаў (Хатнік). Дыпломамі «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка (сцэнаграфія)» і «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка (касцюмы)» ўзнагародная Надзея Бараноўская за спектакль «Церамок на курыных лапках».
III месца атрымаў узорны тэатральны калектыў «ТэсТ» сярэдняй школы №4 за спектакль «Модны шляхцюк» Каруся Каганца. Кіраўнік калектыву – Дар’я Бізункова. Рэжысёр спектакля – Уладзіслаў Навумаў.
Гэты вадэвіль – адзін з першых твораў беларускай драматургіі, які доўгі час карыстаўся папулярнасцю і неаднаразова ставіўся як на прафесійнай, так і на аматарскай сцэне.
Дыпломам «За яскравы дэбют» узнагароджаная Марыя Курневіч (Ганна). Дыпломамі «За яскравае выкананне» ўзнагароджаныя Іліян Шавырын (Пранцішак) і Вікторыя Дзікусарава (Зоя).
У заключным этапе «Сцэнічных чытанняў» Школьны тэатр-27» прымалі ўдзел яшчэ тры школьныя тэатральныя калектывы, лепшыя артысты якіх былі ўзнагароджаныя дыпломамі.
Творчая група «Дэбют» сярэдняй школы №9 паказала спектакль «Мудрамер» Мікалая Матукоўскага. Кіраўнік Маргарыта Барадаўкіна.
Сатырычная камедыя расказвае пра вынаходніка-энтузіяста Мікалая Мурашку, які сканструяваў прыбор-вымяральнік інтэлектуальных здольнасцей. А прасцей – вымярае, , вызначае, хто разумны, а хто дурны.
Па рашэнні журы дыпломам «За лепшую галоўную жаночую ролю» ўзнагароджаная Кіра Анішчык – за ролю Папсуевай. Дыплом «За лепшую галоўную мужчынскую ролю» атрымаў Данііл Бутрын – за ролю Вяршылы. Дыпломам «За яскравае выкананне» ўзнагароджаны Глеб Ніжнікаў за ролю Мурашкі.
Тэатральны калектыў сярэдняй школы №35 паказаў на «Сцэнічных чытаннях» Школьны тэатр-27» класічны спектакль «Пінская шляхта» па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Кіраўнік Валянціна Скіпіна. Аўтар спектакля Вольга Клімовіч.
Юныя артысты паказалі гэта гарэзлівая і смешная гісторыю пра жыццё мясцовай беларускай шляхты. Пра тое, што фанабэрыстыя і пыхлівыя дробныя шляхцюкі не нашмат адрозніваюцца ад сялян. І гэтак жа баяцца начальства, якое мае над імі ўладу.
Дыпломам «За яскравы дэбют» узнагароджаны Арцём Монгін – за ролю Пісулькіна. Дыпломамі «За яскравае выкананне» ўзнагароджаныя Дар’я Прусакова (Куліна), Уладзімір Фадзееў (Кручкоў) і Максім Бялінскі (Харытон Куторга).
Тэатральны калектыў «Адраджэнне» сярэдняй школы №25 паказаў спектакль «Дом каля возера» паводле аднайменнага апавядання Алеся Гібок-Гібкоўскага. Кіраўнік Аксана Відасава.
Хлопчык Толiк уваходзіць у дзверы ў падвале новага дому i апынаецца ў часе князя Вiценя. Што застаецца? Папярэдзiць тутэйшых пра хуткi напад крыжакоў, атрымаць медаль i вярнуцца.
Дыпломам «За яскравае выкананне» ўзнагароджаны Мікалай Камароўскі – за ролю князя Віценя.
Добрым падарункам для юных артыстаў тэатраў сталі выступленні навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, якія ўжо выбралі для сябе прафесійны шлях на тэатральную сцэну.
Навучэнцы III курса паказалі сцэнічную кампазіцыю «Людзі на балоце» паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна. Кіраўнік курса Кацярына Кацар-Трахіменка.
Навучэнцы IV курса прадэманстравалі ўменні сцэнічнага бою і фехтавання, а таксама – тэатральныя маналогі. Кіраўнік курса Сяргей Талкач.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
выказвае падзяку ўсім калектывам-удзельнікам
сёлетняга гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні» Школьны тэатр» –
за любоў да тэатральнага мастацтва,
аддзелу па адукацыі і аддзелу ідэалогіі і па справах моладзі
Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта – за падтрымку творчых ініцыятыў!
Чакаем усіх на гарадскім конкурсе «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-28»!
Больш фотаздымкаў - у акаунце Коласаўскага тэатра ў сацсетцы Instagram.
Добавить комментарий