СПЕКТАКЛЬ «ЛІФТ» ПРЫМАЕ ЎДЗЕЛ У ФЕСТЫВАЛІ МАЛЫХ ФОРМАЎ У МАСКВЕ
Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Ліфт» (рэжысёр Валерый Анісенка) прымае ўдзел у юбілейным X Маскоўскім міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў «Славянскі вянец», які праходзіць у расійскай сталіцы з 1 па 8 чэрвеня.
Сёлета ўдзельнікі і гледачы фестываля маюць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю тэатраў Расіі, Беларусі, Украіны, Малдавіі, Балгарыі і Чэхіі, пабачыць пастаноўкі на п’есы сучасных аўтараў, а таксама класікаў літаратуры – Чэхава, Дастаеўскага, Сухога-Кабыліна, Астроўскага, Распуціна… Усе спектаклі праходзяць на сцэне Маскоўскага драматычнага тэатра на Пяроўскай.
Акрамя непасрэднага прагляду фестывальных спектакляў, гледачы маюць магчымасць непасрэдна паразмаўляць з акцёрамі пасля конкурсных паказаў, абмяняцца ўражаннямі, што стварае жывую творчую атмасферу.
У традыцыйным шэсці і ўрачыстым адкрыцці фестываля «Славянскі вянец» прымала ўдзел загадчык літаратурна-драматычнай часткі коласаўскага тэатра Марына Пятрова. У Маскве паказ спектакля «Ліфт» адбудзецца 7 чэрвеня, у пятніцу.
Больш падрабязна пазнаёміцца з праграмай і падзеямі фестываля «Славянскі вянец» можна на сайце Маскоўскага тэатра на Пяроўскай - http://teatrperovo.ru/, а таксама на старонках сацыяльных сетак Facebook і УКантакце.
Добавить комментарий