СПЕКТАКЛІ ПРА СЯМ'Ю І ДЛЯ СЯМ'І

12.05.2025
Сям'я - вялікая каштоўнасць любога народа, фундамент паспяховага грамадства. Без добрай сям'і немагчыма фарміраванне і развіццё адказнай, маральна выхаванай, самасвядомай асобы. Нездарма Генеральная Асамблея ААН заснавала Міжнародны дзень сям'і, які адзначаецца 15 мая. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа прымае ўдзел у Рэспубліканскай акцыі «Разам - за моцную і здаровую сям'ю». З 14 па 16 мая на віцебскай сцэне пройдуць спектаклі, у якіх паказваецца ўвасабленне сямейных каштоўнасцей або, наадварот, тыя сітуацыі, якіх варта пазбягаць і выпраўляць для далейшага шчаслівага жыцця.
Дзяцей і іх бацькоў тэатр запрашае правесці час разам і паглядзець класічныя чароўныя казкі.
14 мая (12:30) і 16 мая (11:00) - чароўная казка «Беласнежка і сем гномаў» паводле аднайменнай казкі братоў Грым. Дзяўчынка, якая жыве без бацькоў, з зайздрослівай мачахай, знаходзіць сямейную цеплыню ў сямі лясных гномаў.

15 мая (11:30, 13:00) - музычная казка «Кот у ботах» паводле аднайменнай казкі Шарля Пэро. Браты не любяць свайго брата-паэта, Кароль думае аддаць дачку замуж за чараўніка Людаеда. Таму нядзіўна, што Жан і Элен хочуць тварыць сваю сям'ю, заснаваную на каханні. І дапамагае ім у гэтым Кот у ботах.

Квіткі на дзіцячыя спектаклі можна набыць у касе тэатра непасрэдна перад пачаткам.
У спектаклях для дарослых пытанні сямейных адносін адлюстроўвацца ў розных ракурсах - ад бясконцай тыранічнай любові да разумення неабходнасці душэўнай цеплыні.
14 мая (19:00) - трагікамедыя «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева. Васьмігадовы хлопчык Саша Савельеў жыве разам з дэспатычнай бабуляй і слабахарактарным дзядулем. Яго бесперапынна вучаць падпарадкоўвацца, ненавідзець маці, вінавацяць ва ўсіх няўдачах... Але Саша дрэнна паддаецца правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет… Такая сям'я, канешне, не можа быць шчаслівай.
Узроставае абмежаванне - 16+.

16 мая (19:00) - рамантычная камедыя «Самая жаданая» па п'есе Сяргея Гіргеля «Самая-самая» паводле французскай драматургіі. Немаладому пісьменніку, кінасцэнарысту Мацье патрэбна натхненне. Раксана вельмі любіць свайго сына Нікаля і гатова ахвяраваць сваімі пачуццямі дзеля яго будучага. Мацье запрашае Дэвіда, забяспечанага, але вельмі цынічнага юнака, які спрабуе купіць пачуцці жанчыны за немалыя грошы. Які шлях у выніку выбера Раксана?
Узроставае абмежаванне - 12+.
Квіткі на спектаклі для дарослых - у касе тэатра. Тэлефон для даведак 62-83-81.
Рэжым работы касы:
аўторак-пятніца - з 12.30 да 19.30,
субота-нядзеля - з 12.30 да 18.30.
Выходны - панядзелак.
Чакаем усіх на спектаклях Коласаўскага тэатра!


















Добавить комментарий