ТЭАТР імя ЯКУБА КОЛАСА І НАВАШАХЦІНСКІ ДРАМТЭАТР ПАДПІСАЛІ ПАГАДНЕННЕ ПРА ТВОРЧАЕ ПАРТНЁРСТВА
20.05.2025
19 мая, у трэці дзень IX Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Любовь, что движет солнце и светила», на сцэне Навашахцінскага драматычнага тэатра імя народнага артыст СССР М.І.Бушнова сваё мастацтва прадставіў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Беларускія артысты паказалі спектакль «Дзеці. Вёрсты» – дарогу жыцця ў сямі песнях па п’есе Арцёма Казюханава паводле твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Коласаўцы другі раз прымалі ўдзел у фестывалі, і публіка з радасцю сустрэла гасцей, памяць пра якіх да гэтага часу захавалася ў гледачоў. Шчырасць, эмацыйная глыбіня і майстэрства артыстаў нікога не пакінула абыякавым. Гледачы шчыра выражалі сваё захапленне і падзяку, а сама пастаноўка стала сапраўднай падзеяй фестывалю.

На свята тэатра прыехала падтрымаць калектыў і фестываль намеснік міністра культуры Растоўскай вобласці Паліна Юр’еўна Конашава. Яна ўрачыста перадала дырэктару Коласаўскага тэатра Юліі Аляксандраўне Харкевіч прывітальны адрас ад міністра культуры рэгіёна Ганны Анатольеўны Дзмітрыевай. Таксама тэатру былі ўручаны ліст падзякі адміністрацыі горада Навашахцінска і дыплом удзельніка фестывалю.

Значнай часткай трэцяга фестывальнага дня стала абмеркаванне пытанняў творчага супрацоўніцтва паміж тэатрамі. Скончылася цёплае і прадукцыйнае камунікаванне падпісаннем пагаднення пра творчае партнёрства паміж Навашахцінскім драматычным тэатрам і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. Гэта падзея стала яшчэ адным доказам таго, што мастацтва і тэатральнае братэрства не ведаюць межаў. Узаемны абмен творчымі ідэямі і культурны дыялог стануць трывалым грунтам для далейшага плённага супрацоўніцтва.
Фота са старонкі Навашахцінскага драматычнага тэатра ў сацыяльнай сетцы УКантакце


















Добавить комментарий