ТЭАТР ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА ЎЗНАГАРОДЖАНЫ ПРЫЗАМ ІМЯ АЛЯКСЕЯ ДУДАРАВА

02.01.2026

У сакавіку 2026 года Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ўзнагароджаны Прызам імя Аляксея Дударава. Гэта адна з вышэйшых узнагарод Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Сімвалічна, што такое высокае прызнанне тэатр займеў у год свайго 100-гадовага юбілею.

  

Аляксей Ануфрыевіч Дудараў – адзін з найбольш знакавых дзеячаў і драматургаў сучаснага беларускага тэатральнага мастацтва і літаратуры. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі Ленінскага камсамола, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1976 па 1983 гады ён працаваў акцёрам і загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, пазней у аб’яднанні «Тэлефільм», у 1991-2002 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 гады працаваў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра беларускай арміі. Займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю – з 1992 года да 2023 года, да канца жыцця, узначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Аляксей Дудараў стварыў вялікую драматургічную спадчыну, і тэатр імя Якуба Коласа шматразова звяртаўся да яго творчасці і ставіў спектаклі, многія з якіх сталі знакавымі ў гісторыі коласаўцаў. Усяго пастаўлена адзінаццаць п’ес, тры з якіх – «Выбар», «Не пакідай мяне…» і «Пёс Белага вострава» – знаходзяцца ў актыўным рэпертуары тэатра.

Тэатр імя Якуба Коласа ў сваіх пастаноўках ахапіў усю тэматычную разнастайнасць творчасці Аляксея Дударава. Драма «Парог» (1982) адлюстравала духоўны крызіс грамадства і асобы ў часе, цяжкі шлях душэўнага ўваскрэсення чалавека, які дайшоў да апошняй мяжы, у тым ліку праз спакусу алкаголем.

  

У драме «Вечар» (1984) раскрывалася тэма бесперспектыўных вёсак праз жывыя чалавечыя характары. Пацвярджэннем высокага мастацкага ўзроўню стала ўзнагарода спектакля Дзяржаўнай прэміі БССР (1986). У 1987 годзе народны артыст Тадэвуш Кокштыс, выканаўца ролі Гастрыта, узнагароджаны дыпломам за лепшае выкананне мужчынскай ролі на Міжнародным тэатральным фестывалі «Прыбалтыйская тэатральная вясна».

  

Ваенныя спектаклі па п’есах Дударава «Радавыя» (1985) і «Не пакідай мяне…» (2015) паказвалі адначасова гераізм, несумяшчальнасць чалавека-стваральніка і вайны, якая можа разбурыць унутраны свет або даць магчымасць раскрыць таямніцы сваіх рашэнняў у экстрэмальных умовах. Спектакль «Не пакідай мяне…» узнагароджаны спецыяльным прызам арганізацыйнага камітэта «За папулярызацыю Вялікай Перамогі на нацыянальнай мове» на II Адкрытым міжнародны анлайн-марафоне «Дороги Победы» (2021).

  

  

Спектакль «Вежа» (1990) з’явіўся сапраўдным люстэркам у час перамен. У пошуку славы, поспеху, улады людзі губляюць разуменне ўнутранага духоўнага багацця. І толькі галоўны герой Ютка Казубоўскі будуе з каменю вежу як дакор усяму свету за ганебнасць побытавых памкненнях, як спробу дацягнуцца да вышэйшых каштоўнасцей. Гэтую ролю народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс і па сёння лічыць адной з лепшых у сваёй творчай біяграфіі.

  

Блізкай па тэматыцы да «Вежы» стала і пастаноўка «І быў дзень…» (1998). Сучасная трагедыя, дзеянне якой адбываецца на гарадскім сметніку, даследавала дэградацыю тагачаснага грамадства, прычыны глыбокага духоўнага заняпаду.

  

З гістарычнай тэматыкі Дударава коласаўцы паставілі спектакль па п’есе «Чорная панна Нясвіжа». Увага «Чорнай нявесты» (1999), у першую чаргу, была засяроджаная на ўнутраным канфлікце герояў, уведзеныя персанажы Барбары ў дзяцінстве і Пачвары ўвасобілі светлы і змрочны бакі душы чалавека.

  

Пастаноўка «Люці» (2003) была добрая вядомая не толькі віцебскаму гледачу: з гастролямі аб’ехала многія гарады Віцебскай вобласці. Актуальнасць гісторыі была ў паказе лёсу так званых «новых» беларусаў, якія выходзілі ў свет бізнэсу з крымінальнага асяродку або мелі з ім стасункі. Вызначальна тое, што Аляксей Дудараў напісаў гэты твор спецыяльна для заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Ліхачовай.

  

У спектаклі «Млын» (2008) найбольш высока была ацэненая галоўная роля Пятра Старцава ў выкананні Валянціна Салаўёва, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Моцная асоба была здольная спасцігнуць сакрэт душэўнай гармоніі: трэба радавацца жыццё, успрымаць усё, што адбываецца, з адкрытай удзячнасцю. Дарэчы, сёлета Валянцін Салаўёў, які з 1986 па 2012 год час служыў у Коласаўскім тэатры, узнагароджаны галоўным прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў – «Крыштальнай Паўлінкай».

  

Жывучы тэатрам, Аляксей Дудараў не мог не закрануць тэматыку сцэнічнага мастацтва. У пастаноўцы «Пёс Белага вострава» (2021) супярэчліва, часам вельмі саркастычна выяўляе закуліснае жыццё. У творчай маскараднай віхуры акцёр з вялікім патэнцыялам губляе сябе і проста плыве па хвалях лёсу, і толькі ягоны Пёс, быццам анёл-ахоўнік, праз каментары і філасофскія песні імкнецца накіраваць гаспадара да светлай будучыні.

  

На сёння апошнім зваротам да творчасці Дударава з’яўляецца драма «Выбар» (2023). Героі пастаноўкі стаяць перад выбарам – памерці самім ці ахвяраваць жыццё дзеля іншых, вызначыць, якія каштоўнасці больш важныя – свае асабістыя або агульначалавечыя.

  

Безумоўна, драматургія Аляксея Дударава і яе ўвасабленне з’яўляецца вялікай каштоўнасцю для Коласаўскага тэатра. Яна дазволілі больш глыбока ўсвядоміць сучасныя тэмы: негатыўныя – меркантыльнасць, духоўны заняпад, сацыяльны эгаізм, разбэшчанасць, і пазітыўныя – ахвярнасць, вернасць свайму выбару, гераізм дзеля іншых, тонкая душэўная эстэтыка. Пастаноўкі сталі школай для многіх маладых артыстаў тэатра, дазволілі вядучым майстрам сцэны пашырыць свой творчы дыяпазон, выйсці за межы створаных шаблонаў, дасягнуць высокага ўзроўню акцёрскага майстэрства. Спектаклі па п’есах Аляксея Дударава назаўсёды застануцца ў скарбніцы тэатральнага мастацтва коласаўцаў.

Больш падрабязна пра спектаклі па творчасці Аляксея Дударава можна пазнаёміцца ў артыкуле «Сышоў з жыцця драматург Аляксей Дудараў».

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X