ТЭАТРАЛЬНЫ САКАВІК-2024

 

Зусім хутка адступяць маразы і пачнецца адліга. Доўгачаканая вясна прынясе не толькі пацяпленне ў прыродзе, але і спадзяёмся, і ў душы людзей, узніме настрой. Тэатр таксама імкнецца гэтаму паспрыяць. У сакавіку вас чакаюць новыя сустрэчы з нашымі артыстамі-коласаўцамі і з гастралёрамі.

6 сакавіка (19:00) запрашаем на камерную сцэну паглядзець цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» па п’есе сучаснага беларускага драматурга Аляксандра Савухі.

 

Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу ў метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Ён лічыць, што варта аддзяліць паспяховых, паважаных людзей ад нулёў, біямасы. У выніку нейкай недарэчнасці, спрабуючы выйсці з вагона, Дзіма трапляе ў іншую, паралельную рэальнасць…

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

7 сакавіка (19:00), напярэдадні Міжнароднага жаночага дня, прапануем усім мужчынам зрабіць мілым дамам прыемны падарунак і запрасіць на камедыю «ШУКАЕМ ТЭНАРА!» англійскага драматурга Кена Людвіга.

 

У амерыканскім Кліўлендзе мусіць адбыцца паказ знакамітай оперы «Атэла», у якой галоўную ролю выконвае сусветна вядомы італьянскі тэнар Ціта Мэрэлі (Цімур Жусупаў). Усе ў чаканні неверагоднай, знакавай падзеі! Сондэрс, дырэктар Кліўленд Гранд-Апера (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка), ужо гатовы падлічваць прыбытак. Яго дачка Мэгі (Тамара Краснабаева-Чарняк / Святлана Сухадолава), сапрана тэатра Дзіяна (Алена Шарэпчанка) і старшыня опернай гільдыі Джулія (Ніна Обухава) нецярпліва, кожная па-свойму, рыхтуюцца сустрэць высокага госця… І толькі асістэнт дырэктара, сціплы, няўпэўнены Макс (Яўген Бераснеў) адчувае сябе залішнім у гэтай урачыстай мітусні. Але гэта пакуль што…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

9 сакавіка (18:00) на камернай сцэне вы ўбачыце міні-серыял для мужчыны і жанчыны «АСЕННІ ROCK'N'ROLL» па матывах п’есы Міхаіла Хейфеца «Rock'n'roll на захадзе сонца». Шаноўныя мужчыны – гэты спектакль, дарэчы, таксама добры падарунак для вашых жанчын.

 

…Яна (Святлана Жукоўская) запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў). Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, нечай усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату… І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

10 сакавіка (18:00) – гастролі, арганізаваныя Прадзюсарскім цэнтрам «Кіфа» (Масква, Расія). Запрашаем усіх жанчын наведаць танцавальна-інтэрактыўнае шоў «ОТЕЛЬ ЖЕЛАНИЙ-2».

 

Яны вяртаюцца, каб наладзіць незабыўны вечар для Вас, шаноўныя дамы. Адзінаццаць прыгожых хлопцаў панясуць вас у свет мрояў і адкрытых фантазій. Гэта крутая харэаграфія, выдатны гумар, запальная музыка і падарунак выдатным жанчынам ад сапраўдных мужчын. Гэтыя хлопцы пакажуць усё, ну ці амаль усё! Будзьце гатовы ўвасобіць свае самыя патаемныя мары. Што яшчэ патрэбна, каб вечар стаў выдатным? Галоўнае, запомніце: усё, што было ў «Отеле желаний», застаецца ў «Отеле желаний».

Працягласць – 1 гадзіна 20 хвілін без антракту. Узроставае абмежаванне – 18+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

15 сакавіка (19:00) вы зможаце патрапіць на прэм’ерны спектакль «НІБЫТА ХВОРЫ», камедыі масак па п’есе класіка французскай драматургіі Жана-Батыста Мальера.

 

Галоўны герой, спадар Арган (Аляксей Анісеня / Яўген Бераснеў) лічыць сябе самым хворым на свеце. Але чым ён хварэе і ці хворы ўвогуле – ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна (Раіса Грыбовіч / заслужаная артытска Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова) хоча завалодаць багаццем мужа, а падчарку аддаць у манастыр. Арган жа збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка (Ксенія Камінская / Дар’я Французава) закаханая зусім у іншага юнака (Дзмітрый Каваленка / Дзмітрый Філімоненкаў), які адказвае ёй узаемнасцю. Дапамагчы маладым стаць шчаслівымі бярэцца служанка Туанэтта (Вікторыя Шамардзіна / Алена Шарэпчанка). Ці атрымаецца гэта ў яе?.. Глядзіце спектакль і даведаецеся!

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

16 сакавіка (18:00) вы ўбачыце драматычную камедыю «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе вядомага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана».

 

Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай (Вікторыя Шамардзіна). Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка – бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

17 сакавіка (18:00) запрашаем паглядзець камедыю «ФАНЦІКІ» па п’есе сучаснага англійскага драматурга Рэя Куні «Смешныя грошы».

 

Сціплы англійскі бухгалтар Генры Перкінс (Яўген Бераснеў / Цімур Жусупаў) памылкова ў свой дзень нараджэння прыносіць дадому чамаданчык з каласальнай сумай грошай. Бедны клерк зусім шалее ад захаплення такім багаццем – і вырашае ўзяць рэванш за шэрае існаванне на адну зарплату, збегчы з жонкай (Ульяна Ацясава) на край свету, каб жыць выключна ў сваё задавальненне. Вось толькі калі так было, каб атрымлівалася тое, чаго нам хочацца? Перашкаджаюць сябры (Антон Бараноўскі / Дзмітрый Каваленка, Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), паліцэйскія (Уладзіслаў Жураўлёў, Аляксей Анісеня / Ілля Блыкін), таксіст (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) і нават наёмны забойца. А прага грошай змяняе свядомасць – і героі грэбуюць каханнем, сяброўствам, гонарам і абавязкам. Як жа нованароджанаму багацею і ўсім навокал не аслепнуць ад «ззяння золата» і захаваць хаця б крыху сумлення?!

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

19 і 20 сакавіка на коласаўскай сцэне пройдуць гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Госці прывязуць дзве пастаноўкі для дарослых гледачоў.

19 сакавіка (19:00) – фарс «НАСЛЕДНИКИ РАБУРДЕНА» Эміля Заля.

 

Рабурдэн славіцца ў грамадстве багацеем. Таму яго сваякі лёгка атрымліваюць кожны крэдыт: бо яны – спадкаемцы Рабурдэна. Ды і сам дзядзечка Рабурдэн нікому з блізкіх не адмаўляе, раздаючы грошы не задумваючыся. І вось надышоў час, калі ён сам застаецца ні з чым. Рамантычны нават давераны яму на захаванне пасаг яго хрэсніцы Шарлоты, дзяўчыны, якая бескарысліва вядзе гаспадарку ў хаце і даглядае яго. А сваякі працягваюць мантачыць грошы ў крэдыт будучай спадчыны. На дапамогу старому прыходзіць вынаходлівасць Шарлоты. Каб вярнуць свой пасаг, а таксама дапамагчы дзядзечку атрымаць хоць частку доўгу ад спадкаемцаў, яна прапануе Рабурдэну прыкінуцца безнадзейна хворым, а сама, выяўляючы волю «паміраючага», пад рознымі падставамі ў рахунак «падпісанага тэстаменту» займае патрэбную суму ў сваякоў. Але раптам нешта пайшло не так…

Працягласць – 2 гадзіны з антрактам. Узроставая абмежаванасць – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

20 сакавіка (19:00)трагікамедыя «МАДАМ РУБИНШТЕЙН» аўстралійскага драматурга Джона Місто.

 

У кожнай жанчыны свае планы адносна жыцця. У Хелены Рубінштэйн яны былі такімі: дзяўчына вырашыла стаць некім большым, чым простая хатняя гаспадыня, служанка ці прыслуга. Камедыя пакажа, якой трэба быць жанчыне, каб утрымацца ў свеце бізнесу; як праз клопат пра сваю прыгажосць можна вызваліцца ад непатрэбных стэрэатыпаў; якая роля жаночай самаацэнкі ў жыцці самой жанчыны і грамадства. Хоць Хелена Рубінштэйн – рэальная гістарычная асоба, але спектакль не з'яўляецца яе жыццяпісам, біяграфія тут толькі нагода ў лёгкай, іранічнай, іскрыстай камедыі паказаць, як гэта – стварыць сусветную імперыю бізнесу дзяўчыне родам з кракаўскай габрэйскай сям'і.

Хая Рубінштэйн (1870-1965) пазней, у Нью-Ёрку, стала мільянеркай. Слава пра яе славілася па свеце, яе партрэты пісалі Пікаса і Далі, яна бліскала ў колах славутасцяў, яна заваёўвала ўвагу прэсы, дзякуючы вылучным здольнасцям і велізарнаму жаданню працаваць і перамагаць

Працягласць – 1 гадзіна 30 хвілін. Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

22 сакавіка (19:00) запрашаем паглядзець класічную камедыю «ДОКТАР ФІЛАСОФІІ» Браніслава Нушыча.

 

Жывата Цвіёвіч (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), чалавек хоць і заможны, але ўвогуле па сваіх чалавечых якасцях даволі някепскі. Ён вылузваецца, як умее, бо трэба ж неяк выжываць у рацыянальным свеце, дзе ўсё прадаецца і ўсё купляецца, а чалавек вымяраецца тытуламі, званнямі, багаццем. Жывата апантаны ідэяй вывучыць сына Міларада (Дзмітрый Каваленка) на доктара філасофіі і зацвердзіць сябе ў шляхетным грамадстве. Пад імем сына-лайдака пасылае вучыцца за мяжу іншага чалавека, які бліскуча заканчвае ўніверсітэт (Яўген Бераснеў). Праўда, прыдбаў хлопец не толькі дыплом, але і жонку з дзіцем (Святлана Сухадолава).

Узротсавае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

23 сакавіка (14:00) запрашаем маленькіх гледачоў і іх бацькоў на камерную сцэну на казку-гульню «ЯК ВОЎК МАМАЙ БЫЎ» па п’есе Васіля Ткачова.

 

Вы думаеце, што ўжо ведаеце сюжэт гэтай казкі дзякуючы вядомаму мультфільму пра тое, як Воўк (Аляксей Анісеня / Уладзіслаў Жураўлёў / Цімур Жусупаў) спачатку знайшоў Цяля (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў) сабе на здабычу, а потым стаў для яго самым блізкім і шчырым абаронцам?! Але не спяшайцеся з высновамі! Справа ў тым, што беларускі драматург Васіль Ткачоў прыдумаў сваю гісторыю і ўвёў у казку новых герояў. І кожны з іх – са сваім адметным і вельмі яскравым характарам: какетлівая Лісачка (Вольга Куляшова / Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), заўсёды ласы на смачную ежу Дзік (Міхаіл Асанаў / Дзмітрый Філімоненкаў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) і надзвычай чуллівая Козачка (Валянціна Багданава / Ніна Обухава). Разам з маленькімі гледачамі яны ствараюць сваю казку. І якой яна атрымаецца ў выніку, залежыць ад вас!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

23 сакавіка (18:00) вас чакае сустрэча з героямі інтэрактыўнай камедыі «ПЁС БЕЛАГА ВОСТРАВА» Аляксея Дударава.

 

Малады акцёр Вілен (Яўген Бераснеў) занадта рана, з першай ролі, адчуў смак славы і глядацкай вядомасці. Як гэта кажуць, «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы?!.. Але выйсце ёсць – Белы востраў і ягоны жыхар, анёл-ахоўнік Пёс (Дзмітрый Каваленка).

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

24 сакавіка (18:00) запрашаем нашых гледачоў на музычны вечар «ДУШЕВНЫЙ РАЗГОВОР» на камернай сцэне.

 

Калі чуеш песню, то ўзгадваеш нейкія моманты са свайго жыцця, месцы, дзе калісьці быў, ці знаёмых людзей. Свет пастаянна мяняецца, а песні і звязаныя з імі ўспаміны застаюцца. Падчас музычнага вечара «Душевный разговор» ва ўтульнай атмасферы камернай сцэны гучаць вядомыя песні, артысты-коласаўцы распавядаюць пра іх цікавыя гісторыі, дзеляцца асабістымі ўспамінамі, жартуюць... «Ты у меня одна», «Не исчезай...», «На Тихорецкую», «У природы нет плохой погоды»... І самае галоўнае, што ўсім вядомыя песні яднаюць, адкрываюць блізкасць паміж людзьмі, нараджаюць пачуццё супольнасці. Гэта ж так каштоўна – адчуваць сябе разам з песняй, з калегамі, са шчырымі гледачамі!

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

30 сакавіка (12:00) запрашаем юных гледачоў і іх бацькоў паглядзець на камернай сцэне рамантычную казку для дзяцей і дарослых «УСЕ МЫШЫ ЛЮБЯЦЬ СЫР» па п’есе венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана.

 

Галоўныя героі казкі — два вясёлыя мышаняты, Фружы (Тамара Краснабаева-Чарняк / Таццяна Рогат) і Шома (Міхаіл Асанаў). Яны маглі б сябраваць і гора не ведаць, але перад імі ўзнікае сур'ёзная перашкода: Фружы – белага колеру, а Шома— шэрага. Гэта розніца бачна ўсім, і асабліва – бацькам герояў, якія бясконца спрачаюцца адно з адным і са сваімі дзецьмі. Але да шчасця, на дапамогу мышанятам прыходзіць Ізольда, Вялікая Чараўніца-Кошка (Святлана Жукоўская / Вольга Куляшова). У фінале гісторыі ўсё ўстае на свае месцы, і героі знаходзяць шчасце. Бо насамрэч колер не важны, а важна, што ўсе мышы, без выключэння, любяць сыр!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

Напрыканцы месяца, 30 і 31 сакавіка, на коласаўскую сцэну завітае на гастролі Смаленскі камерны тэатр (Смаленск, Расія).

30 сакавіка (18:00) вы ўбачыце камедыю «ОСТОРОЖНО, АДЬЮЛЬТЕР!» па п’есе Ігара Міногіна.

 

Гэта класічная камедыя становішчаў, калі героі трапляюць у неспадзяваныя сітуацыі. Дзеянне адбываецца ў навагоднюю ноч у загарадным доме. Муж і жонка збіраюцца сустракаць Новы год паасобку: ён нібыта з сябрам, яна нібыта з мамай. Аднак у апошнюю хвіліну іх планы змяняюцца з-за дробязнага праліку. Спрабуючы выкруціцца з непрыемнага становішча, мужы ўсё мацней заблытваюцца ў клубку зману, але не збіраюцца спыняцца. Уцягнутымі ў гэту гісторыю аказваюцца лепшы сябар сям'і і яшчэ дзве дамы.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

31 сакавіка (18:00) вас чакае сустрэча з героямі камедыі «КОРПОРАТИВ» сучаснага расійскага драматурга Аляксея Шчаглова.

 

Гэта гісторыя пра тое, як чацвёра мужчын – супрацоўнікаў невялікай фірмы па гандлю канцэлярскімі таварамі – рыхтуюцца павіншаваць з 8 сакавіка сваіх калег-жанчын. З меркаванняў эканоміі святочны стол вырашана накрыць проста ў офісе. Аднак «гарачых» напояў прызапашана так шмат, што мужчыны пачынаюць выпіваць ужо падчас абмеркавання сцэнара ўрачыстай часткі. І тут аказваецца, што ў кожнага з іх ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі да жаночага полу. Апрытомнець мужчынам дапамагае ўмяшанне адзінага жаночага персанажа ў спектаклі – прыбіральшчыцы цёткі Шуры, якая таксама расказвае сваю гісторыю. Словам, смешная і ў нечым чуллівая камедыя пра мужчынскае пакаянне…

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

Чакаем вас у Коласаўскім тэатры!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X