«ТР’ЯМ!» – НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ ВІТАЕ НОВЫ СПЕКТАКЛЬ
Коласаўскі тэатр асвойвае публіку самага юнага ўзросту. Менавіта для выхаванцаў дзіцячых садкоў створаны спектакль «Тр’ям! Вітаю!». Малады рэжысёр, артыстка Коласаўскага тэатра Ірына Цішкевіч разам з іншымі маладымі артыстамі падрыхтавала для паказу цудоўную гісторыю паводле п’есы Сяргея Казлова.
Мядзведзік (Арцём Герак) прыдумаў сваю ўласную краіну – Цілімілімляндыю, і вырашыў запрасіць туды свайго сябра Вожыка (Юлія Цвікі). Але Вожык без Зайца (Яўген Бераснеў, Раман Салаўёў) ісці не хоча. Што рабіць? Магчыма, трое прыяцеляў і змаглі б хутка вырашыць гэтае быццам бы складанае пытанне. Але тут з’яўляецца Воўк (Уладзіслаў Жураўлёў, Дзмітрый Каваленка). Ён пакрыўджаны, бо як раз самае галоўнае ў новай краіне тое, што там зусім няма ваўкоў. Галодны драпежнік пачынае паляванне на іншых герояў спектакля.
У пастаноўцы «Тр’ям! Вітаю!» пануе фантазія. Нястрымная, чароўная, дзіцячая! А значыць – усё скончыцца добра! Хлопчыкі і дзяўчынкі гатовыя прыдумляць дзень і ноч, і коласаўцы падтрымаюць іх у гэтым вясёлым занятку!
У хуткім часе спектакль «Тр’ям! Вітаю!» з’явіцца на маленькіх, імправізаваных сцэнах дзіцячых садкоў Віцебска. А магчыма – і на сцэне самога тэатра! Сачыце за афішай!
Добавить комментарий