ТВОРЧАЕ ЖЫЦЦЁ ЗІНАІДЫ КАНАПЕЛЬКА – ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСКАГА СЦЭНІЧНАГА МАСТАЦТВА
25 снежня 1918 года ў гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна нарадзілася Зінаіда Ігнатаўна Канапелька, будучая народная артыстка БССР, уладальніца медаля Францыска Скарыны і «Крыштальнай Паўлінкі», ганаровы грамадзянін горада Віцебска.
Бацька, Ігнат Мінавіч, працаваў брыгадзірам на адным з чыгуначных пераездаў. Маці, Дар’я Савасцьянаўна, была са шматдзетнай сям’і, рана стала сіратой і знайшла прытулак у доме палякаў Свіршчэўскіх. Яны вельмі шкадавалі дзяўчынку і аднойчы сасваталі яе за Ігната Мінавіча. Пасля вяселля маладыя перасяліліся ў казарму паміж Багушэўскам і станцыяй Лужкі. Маці займалася хатняй гаспадаркай. Тут яна і нарадзіла чатырох дзетак, сярод іх была і Зінаіда.
Зусім рана дзяўчынка навучылася чытаць і пісаць. Захаплялася апавяданнямі Янкі Маўра, «Віем» Гогаля і, вядома ж, казкамі. З пятага класа Зіну аддалі вучыцца ў 3-ю чыгуначную школу Віцебска. Там працаваў драматычны гурток, але Зіна ў ім не ўдзельнічала. Толькі аднойчы кіраўнік гуртка, настаўнік беларускай літаратуры Іван Катовіч угаварыў вучаніцу сёмага класа сыграць на школьнай сцэне сталую жанчыну. Пасля часта дражніў яе «матуляй». Гэта быў адзіны тэатральны ўспамін яе дзяцінства. Марыла працаваць на чыгунцы, потым яе прывабіла прафесія настаўніцы, але ў рэшце рэшт захацела стаць урачом. Падала заяву на падрыхтоўчыя курсы, дзе рыхтавалі моладзь для паступлення ў Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля заканчэння высветлілася, што абітурыентцы ўсяго толькі 14 год. Так што з марай аб прафесіі ўрача таксама давялося развітацца.
У 10-м класе Зіна даведалася, што ў Другім беларускім дзяржаўным тэатры (цяперашнім Коласаўскім) праводзіцца набор моладзі ў тэатральную студыю. Пасля ўгавораў сябровак, яна падала заяву. Зіну выклікалі на праслухоўванне. У кабінеце дырэктара тэатра сабралася прадстаўнічая камісія: рэжысёр Сяргей Розанаў, акцёры Аляксандр Ільінскі, Цімох Сяргейчык, Яніна Глебаўская, Раіса Кашэльнікава, загадчык музычнай часткі Леанід Маркевіч. Высветлілася, што дзяўчынцы ўсяго толькі 15 год і вучыцца яна ў дзесятым класе. Аднак прывабная знешнасць і невыказная мальба, што свяцілася ў яе блакітных вачах, узялі сваё. І яе залічылі ў студыю.
Па майстэрству акцёра моладзь працавала над сцэнамі і ўрыўкамі з драматычных твораў. У «Вяселлі» А.Чэхава і «Хітрамудрай закаханай» Лопэ дэ Вегі Канапелька іграла ролі Змяюкінай і Бялісы. Адначасова студыйцаў займалі ў масоўцы і эпізадычных ролях.
Упершыню Зіна выступіла на прафесійнай сцэне ў 1934 годзе ў спектаклі «Цудоўны сплаў» Уладзіміра Кіршона, над якім працаваў Сяргей Розанаў. Спачатку яна выходзіла ў масавых сцэнах, а потым атрымала невялікую ролю Ірыны.
У 1936 годзе ў біяграфіі Зінаіды Канапелькі адбылася падзея, што ўскалыхнула ўсё яе жыццё. Акцёр і рэжысёр Павел Малчанаў пачаў працу над спектаклем «Вечар беларускіх вадэвіляў», у які ўвайшлі «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Янкі Купалы. Разам з іншымі студыйцамі Зіна ўдзельнічала ў масоўцы. Акрамя таго, у вольны час рэжысёр працаваў з ёй над роляй Паўлінкі. Дзяўчына рэпетавала натхнёна, з захапленнем. Аднойчы на гастролях у Мінску Малчанаў запрасіў Зіну ў госці да Янкі Купалы, у якога ён жыў разам з жонкай. Нескладана ўявіць хваляванне дзяўчыны. Калі рэжысёр сказаў, што Зіна добра спявае і ён хоча паспрабаваць яе на ролю Паўлінкі, паэт ухваліў яго намер і пажадаў дзяўчыне творчага плёну. Неўзабаве мара актрысы здзейснілася. Неяк выканаўца галоўнай ролі Раіса Кашэльнікава захварэла, і Малчанаў папярэдзіў, што Канапелька будзе іграць Паўлінку. 31 снежня 1936 года адбылася незабыўная для яе прэм’ера.
Скончыліся гады вучобы, пачалося самастойнае жыццё на прафесійнай сцэне. Першай значнай роляй Зінаіды Канапелька ў новай якасці стала Кацярына Сэйдль у «Атэстаце сталасці» У.Фадора. Нелюбімая ўсімі настаўніца Віммер (Алена Лагоўская) знаходзіць ліст з прызнаннем у каханні. Падазрэнне падае на Кацярыну Сэйдль, лепшую вучаніцу класа. Яе справа разглядаецца на педсавеце і дзяўчыне пагражае пазбаўленне атэстата. Сцэна была кульмінацыйнай і вымагала ад Канапелькі кантраснага эмацыянальнага стану. Спачатку дзяўчына перажывае боль несправядлівай абразы, потым яе ахоплівае страх за будучыню, і, нарэшце, яе пачуцці выліваюцца ў адкрыты бунт. Адзін з вядомых крытыкаў потым успамінаў, што актрыса захапіла яго сваім тэмпераментам, абаяннем і асабліва дзівосным хараством.
Пазней Зінаіда Канапелька сыграе яшчэ адну маладую гераіню, роля якой паспрыяла раскрыццю яе творчай індывідуальнасці. Гэта Наста ў бессмяротнай камедыі Віталя Вольскага «Несцерка». Яна вабіла маладосцю, абаяльнасцю, кранальнай непасрэднасцю. Здаецца, яна ўвабрала ў сябе ўсё хараство беларускага нацыянальнага характару: лірычнасць, пяшчотнасць, цнатлівасць. Разам з тым былі ў яе натуры сіла і моц. Гэткая сялянская ўпартасць. Было зразумела, што такая дзяўчына не скарыцца мацярынскай волі, не пойдзе насуперак свайму сэрцу.
А потым грымнула вайна. Пад час яе тэатр быў эвакуіраваны ў далёкі горад Уральск. Зімой 1941 года Зінаіду Ігнатаўну напаткала страшнае гора: ад запалення лёгкіх у яе памёр маленькі сынок. На жаль, у будучым актрыса не зможа мець дзяцей. Пры ўсім пры тым актрыса працавала і ў ваенны час многа і цікава. Апрача п’ес на патрыятычную тэматыку («Наш карэспандэнт» Левіна і Метэра, «Заложнікі» Кучара), дзе Зінаіда Ігнатаўна была занятая, ставілася і класіка. У «Ягоры Булычове» Горкага яна таленавіта ўвасобіла вобраз Антаніны, дачкі галоўнага героя ад першага шлюбу.
Не было дня, каб артысты не выступалі перад воінамі гарнізона і ў шпіталях. Любіміцай вайскоўцаў была Зіна Канапелька. На адной з вучэбных эскадрылляў на палявым аэрадроме ёй апладзіраваў будучы вядомы касманаўт Георгій Берагавы.
І вось нарэшце тэатр вярнуўся ў вызвалены ад фашыстаў Віцебск. І пачаў у адноўленым будынку былога клуба металістаў радаваць гледача новымі пастаноўкамі. У канцы 1940-х гадоў улюбёнцамі публікі была маладая пара – Фёдар Шмакаў і Зінаіда Канапелька.
У спектаклі «Закон Лікурга» паводле «Амерыканскай трагедыі» Тэадора Драйзэра яна стварыла вельмі прывабны вобраз Сондры Фінчлі. Дачка мільянера, не зважаючы на саслоўныя прымхі, пакахала беднага, простага хлопца Клайда Грыфітса, і, адхіліўшы дамаганні сваіх багатых, але недалёкіх прыхільнікаў, аддала яму перавагу. Сандра–Канапелька літаральна свяцілася ад кахання, пры гэтым ні грошы, ні розніца ў сацыяльным становішчы не мела для яе аніякага значэння.
У 1940-1960-я гады яна перайграла многа роляў маладых дзяўчат: Насцю ў камедыі Кандрата Крапівы «Пяюць жаваранкі», Ганку ў «Машэку» Віталя Вольскага, Галю ў «Алазанскай даліне» і Віку з «Простай дзяўчыны» Кастуся Губарэвіча, Наташу ў «Трох сёстрах» Антона Чэхава, Юстыну ў аднайменанй драме Хелы Вуаліёкі.
Шмат пакут выпала на долю Юстыны з п’есы фінскай пісьменніцы. Зняважаная, выкінутая з дома багатага сенатара на вуліцу, Юстына нараджае дзіця ў дымнай лазні. Зведаўшы холад, голад, галечу, маладая жанчына не траціць веры ў жыццё і гадуе сына чыстым і сумленным. Аптымізм гераіні, яе няскоранасць перад ударамі лёсу падабаліся Канапельцы і шмат у чым супадалі з яе асабістым светаўспрыманнем.
Усяго Зінаіда Ігнатаўна Канапелька стварыла на коласаўскай сцэне каля 250 сцэнічных вобразаў.
З цягам часу, з узростам актрыса перайшла на ролі сацыяльных гераінь. Сярод іх – Ганерылія ў «Каралі Ліры» Уільяма Шэкспіра, каралева Лізавета ў «Марыі Сцюарт» Фрыдрыха Шылера, Маўра з «Праўды і крыўды» паводле Міхайлы Стэльмаха, Лявоніха з аднайменнай п’сы Паўла Данілава.
Гэта былі складаныя, драматычныя вобразы. Але нават у трагічных абставінах гераіні Канапелькі захоўвалі светлае, аптымістычнае светаўспрыманне, сілу і духоўную моц. Відаць, таму, што якасці гэтыя былі ўласцівыя ёй як чалавеку.
Актрыса быццам генетычна ўвабрала лепшыя рысы народнага характару – гумар, задушэўнасць, цярпенне, спагаду, дабрыню і шчодра надзяляла імі свае сцэнічныя вобразы. Якую б ролю яна не іграла – Паліну ў «Трыбунале» А.Макаёнка, простую санітарку Ганну Ціханаўну ў «Блытаных сцежках» К.Крапівы ці гараджанку з натоўпу ў «Званах Віцебска» Ул.Караткевіча, гледачы заўжды пазнавалі ў ёй менавіта беларускую жанчыну.
У апошні перыяд свайго жыцця Зінаіда Ігнатаўна актыўна іграла ў выязных спектаклях і ніколькі гэтым не грэбавала, бо разумела, што едзе працаваць у глыбінку да простага гледача, таго асяродку, з якога некалі выйшла і сама. Выконвала ролі бабулек у спектаклях «Верачка» А.Макаёнка і «Вярніце бабулю!» В.Мхітарана.
Апошняй роляй Зінаіды Ігнатаўны стала Старая актрыса з п’есы Эдварда Радзінскага «Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага», якую яна выканала на сваім бенефісе.
Зінаіда Канапелька неаднойчы гаварыла, што адчувае сябе шчаслівай. Нягледзячы на адзіноту ў асабістым жыцці. Бо яе сапраўдным домам быў Коласаўскі тэатр. А самымі роднымі людзьмі – яго акцёры.
Актрыса сышла з жыцця 27 мая 1997 года, пахаваная на Мазурынскіх могілках. У 1998 годзе ў Віцебску, на доме, дзе жыла Зінаіда Канапелька, усталяваная мемарыяльная дошка.
Добавить комментарий