У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ АДБЫЛАСЯ ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫЯ З УДЗЕЛАМ ГАСТРАЛЁРАЎ З ПАЎНОЧНАЙ АСЕЦІІ-АЛАНІІ

10.10.2025
10 кастрычніка на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адкрываюцца гастролі Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя Яўгена Вахтангава з Паўночнай Асеціі-Аланіі. З гэтай нагоды адбылася прэс-канферэнцыя. У ёй бралі ўдзел мастацкі кіраўнік-дырэктар тэатра, народны артыст Расійскай Федэрацыі, народны артыст Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя К.Хетагурава і Расійскай нацыянальнай прэміі «Залатая маска» Уладзімір Увараў, намеснік дырэктара па арганізацыі гледача Лілія Курганская, памочнік мастацкага кіраўніка Анжэла Валошына, заслужаная артыстка Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія Марыя Федаровіч. З боку Коласаўскага тэатра - дырэктар Юлія Харкевіч.
Уладзімір Іванавіч, які, дарэчы, наш зямляк (нарадзіўся ў Полацку) і больш за 30 год кіруе тэатрам, распавёў пра гісторыю вядомага творчага калектыву, якому ўжо споўнілася 154 гады. У ім рабіў свае першыя творчыя крокі выдатны расійскі рэжысёр, рэфарматар тэатра Яўген Баграціёнавіч Вахтангаў, а таксама – у якасці загадчыка літаратурнай часткі знакаміты пісьменнік і драматург Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў, які тут стварыў для тэатра першыя чатыры п’есы, у тым ліку і «Дні Турбіных». Дарэчы. Госці з Уладзікаўказа прывезлі адну з яго найбольш вядомых п’ес «Іван Васільевіч». Увогуле, Уладзікаўказ - вельмі тэатральны горад, сюды часта прыязджаюць і вядомыя маскоўскія калектывы. У свой час тут выступалі знакамітыя расійскія майстры – Марыя Савіна, Мікалай Рыбакоў, Аляксандр Сумбатаў-Южын і многія іншыя. Нядаўна ў горадзе быў адкрыты Дом-музей Вахтангава з невялікай глядзельнай залай. Да Коласаўскага тэатра была прыкута асаблівая ўвага пад час гастроляў ва Уладзікаўказе з 3 па 6 кастрычніка. Віцебскім артыстам напрыканцы спектакляў зала апладзіравала стоячы.
Заслужаная артыстка Рэспублікі Паўночная Асеція-Аланія Марыя Федаровіч распавяла пра гастрольныя спектаклі. У адным з іх, «Любоўныя ігры Сары і Элеаноры» па п’есе Зіновія Сагалава, яна выступае ў цэнтральнай ролі – іграе знакамітую актрысу Элеанору Дузэ.
Дырэктар Коласаўскага тэатра Юлія Харкевіч пацвердзіла, што нашым артыстам быў аказаны вельмі цёплы прыём. Гастролі выклікалі вялікую цікавасць тамтэйшых гледачоў і пад час спектакляў ніякага моўнага бар’еру не існавала. Гэта нават датычылася дзіцячай казкі, пад час якой юныя гледачы вельмі жыва рэагавалі і кантактавалі з артыстамі. Юлія Аляксандраўна таксама зазначыла, што абменныя гастролі паміж коласаўцамі і вахтангаўцамі – гэта яшчэ толькі пачатак. Паміж калектывамі заключаны дагавор аб доўгатэрміновым творчым супрацоўніцтве.


















Добавить комментарий