У НОВЫ, 2024-ы, ГОД – РАЗАМ З КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРАМ!

 

Першы месяц Новага, 2024-га, года прынясе шмат прыемных сюрпрызаў, радасных сустрэч з любімымі артыстамі. Прыходзьце ў тэатр – і вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад сцэнічнага мастацтва.

3 студзеня (19:00) запрашаем на прэм’еру камедыі масак «НІБЫТА ХВОРЫ» па п’есе класіка французскай і сусветнай драматургіі Жана-Батыста Мальера.

 

Галоўны герой, спадар Арган (Аляксей Анісеня / Яўген Бераснеў) лічыць сябе самым хворым на свеце. Але чым ён хварэе і ці хворы ўвогуле – ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна (Раіса Грыбовіч / заслужаная артытска Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова) хоча завалодаць багаццем мужа, а падчарку аддаць у манастыр. Арган жа збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка (Ксенія Камінская / Дар’я Французава) закаханая зусім у іншага юнака, які адказвае ёй узаемнасцю (Дзмітрый Каваленка / Дзмітрый Філімоненкаў). Дапамагчы маладым стаць шчаслівымі бярэцца служанка Туанэтта (Вікторыя Шамардзіна / Алена Шарэпчанка). Ці атрымаецца гэта ў яе?.. Глядзіце спектакль і даведаецеся!

Рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар музычнага афармлення спектакля Сяргей Талкач. Мастак-пастаноўшчык Алена Ігруша. Харэограф Дзіяна Юрчанка.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

4 студзеня (19:00) вы зможаце паглядзець камедыю «ФАНЦІКІ» па п’есе сучаснага англійскага драматурга Рэя Куні «Смешныя грошы».

 

Сціплы англійскі бухгалтар Генры Перкінс (Яўген Бераснеў / Цімур Жусупаў) памылкова ў свой дзень нараджэння прыносіць дадому чамаданчык з каласальнай сумай грошай. Бедны клерк зусім шалее ад захаплення такім багаццем – і вырашае ўзяць рэванш за шэрае існаванне на адну зарплату, збегчы з жонкай (Ульяна Ацясава) на край свету, каб жыць выключна ў сваё задавальненне. Вось толькі калі так было, каб атрымлівалася тое, чаго нам хочацца? Перашкаджаюць сябры (Антон Бараноўскі / Дзмітрый Каваленка, Таццяна Рогат / Вікторыя Шамардзіна), паліцэйскія (Уладзіслаў Жураўлёў, Аляксей Анісеня / Ілля Блыкін), таксіст (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка) і нават наёмны забойца. А прага грошай змяняе свядомасць – і героі грэбуюць каханнем, сяброўствам, гонарам і абавязкам. Як жа нованароджанаму багацею і ўсім навокал не аслепнуць ад «ззяння золата» і захаваць хаця б крыху сумлення?!

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.bywww.kvitki.by, www.ticketpro.by.

5 студзеня (19:00) запрашаем паглядзець сатырычную гісторыю «ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» па п’есе Мікалая Гогаля «Гульцы».

 

Карцёжнікі Суцяшальны (Яўген Бераснеў / Уладзіслаў Жураўлёў), Швохнеў (Вадзім Асвяцінскі) і Кругель (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) віртуозна ашукваюць і абкрадаюць заезджага шулера Іхарава (Цімур Жусупаў / Дзмітрый Каваленка). Пры першым знаёмстве яны робяць выгляд, быццам бы не ведаюць пра здольнасці Іхарава, які спрактыкавана валодае картамі і мае крапавую, шулерскую калоду. Ён жа мэтанакіравана сядае гуляць з імі, бо чуткі пра майстэрства і ўменні гэтай кампаніі даўно ходзяць па свеце. Жадаючы пераплюнуць вялікіх знаўцаў сваёй справы, Іхараў сам трапляе ў складаную сітуацыю, у сетку вытанчанага падману.

Узроставае абмежаванне –16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

6 студзеня (11:00) запрашаем юных гледачоў і іх бацькоў на прэм’еру спектакля «ЗАЛАТЫ КЛЮЧЫК» па класічнай казцы Аляксея Талстога.

Шматлікія выпрабаванні чакаюць драўлянага хлопчыка, гарэзлівага, смелага і вельмі-вельмі добрага. Зацікаўлена ідучы па жыццёвай дарозе, Бураціна (Аляксей Анісеня / Яўген Бераснеў) сустрэнецца з Карабасам (Міхаіл Асанаў / Раман Волат) і Дурамарам (Вадзім Асвяцінскі / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка), Лісой Алісай (Святлана Сухадолава / Алена Шарэпчанка) і катом Базіліа (Антон Бараноўскі / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка). Ён будзе вучыцца адрозніваць дабро ад зла, стане верным сябрам і абаронцам для Мальвіны (Ксенія Камінская / Алёна Чыстабаева), П’еро (Ілля Блыкін / Дзмітрый Каваленка) і для таты Карла (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). І канешне, трымаючы ў руках залаты ключык ад мудрай чарапахі Тарцілы (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна / Раіса Грыбовіч), Бураціна абавязкова знойдзе таемныя дзверы. А за імі – невядомы чароўны скарб!

Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. Мастак-пастаноўшчык Святлана Макаранка. Музыка і музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Пластыка Дзіяны Юрчанка.

Пасля спектакля «Залаты ключык» для гледачоў адбудзецца навагодняе прадстаўленне каля ёлкі.

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

6 студзеня (18:00) запрашаем на дэтэктыў сямейных адносін «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» па п’есе французскага драматурга Рабэра Тама «Восем жанчын».

 

Вось яна, мара кожнага (ну, амаль кожнага) мужчыны: калі вакол восем жанчын, і ўсе цябе любяць. Што можа быць лепей? Пачуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Вядома, у глыбіні душы разумееш, што любоў іх не цалкам бескарыслівая, але ці бывае на свеце абсалютна бескарыслівая любоў?

Жонка (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова), яе сястра (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна), цешча (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова), дзве дачкі (Святлана Сухадолава, Алёна Чыстабаева), дзве служанкі (Святлана Жукоўская, Ульяна Ацясава) і родная сястра ахвяры (Вольга Куляшова) – адносіны паміж імі вельмі і вельмі заблытаныя. Зайздрасць, рэўнасць, старыя крыўды – усяго тут намяшана. Але хто ж з гэтых улюбёных жанчын забіў беднага тату? І галоўнае – навошта?..

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

9 студзеня (19:00) на вялікай сцэне адбудзецца прэм’ерны паказ жыццёвай меладрамы сучаснага расійскага драматурга Уладзіміра Гуркіна «САНЯ, ВАНЯ, З ІМІ РЫМАС».

 

Лёсы трох сясцёр з далёкай уральскай вёскі пераплеценыя паміж сабой. Яны разам працуюць, выхоўваюць дзяцей, жартуюць і спяваюць бяседныя песні... Спадзяюцца, што навала Вялікай Айчыннай вайны не кране іх... Бяда прыходзіць нечакана, калі на Івана (Раман Волат / Цімур Жусупаў), мужа Аляксандры (Святлана Сухадолава / Вікторыя Шамардзіна), і на Пятра (Уладзіслаў Жураўлёў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), мужа Соф’і (Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава), піша данос разбэшчаны старшыня калгаса. Папярэджвае пра гэта мясцовы міліцыянер Рымас Паціс (Вадзім Асвяцінскі / Дзмітрый Каваленка / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Кармільцам толькі адна дарога – на фронт дабравольцамі, каб там бараніць сваіх каханых і родных.

Узролставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

13 студзеня (18:00) на вялікай сцэне – меладрама «ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ» па аднайменнай аповесці Эрыка Сігала.

 

У цэнтры падзей – кранальнае і трагічнае каханне Олівера Барэта (Дзмітрый Каваленка) да Джэніфер Кавільеры (Дар’я Французава). Ён – паспяховы студэнт з Гарварда, будучы юрыст, імкнецца пазбавіцца ад уплыву бацькі-мільянера (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка) і стаць самастойным. Яна – дачка беднага італьянскага эмігранта (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка), таленавітая перспектыўная навучэнка музычнага каледжа, разумная, наравістая. На жаль, на іх шляху ўзнікае шмат перашкод: і нязгода заможнага бацькі Олівера на шлюб закаханых, і далейшыя матэрыяльныя нястачы... Але самае моцнае выпрабаванне лёсу чакала іх наперадзе...

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

14 студзеня (18:00) запрашаем паглядзець прэм’еру спектакля «НІБЫТА ХВОРЫ» па п’есе класіка французскай драматургіі Жана-Батыста Мальера.

 

Галоўны герой, спадар Арган (Аляксей Анісеня / Яўген Бераснеў) лічыць сябе самым хворым на свеце. Але чым ён хварэе і ці хворы ўвогуле – ніхто не ведае. Арган вельмі заклапочаны сваім здароўем, патрабуе да сваёй персоны шмат увагі і не супраць патрапіць у вышэйшы свет. Аптэкары і дактары спаўна гэтым карыстаюцца, выпісваюць яму дарагія лекі. Прагная да грошай жонка Беліна (Раіса Грыбовіч / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова) хоча завалодаць багаццем мужа, а падчарку аддаць у манастыр. Арган жа збіраецца выдаць дачку за лекара, які будзе яго лячыць задарма. Але Анжаліка (Ксенія Камінская / Дар’я Французава) закаханая зусім у іншага юнака, які адказвае ёй узаемнасцю (Дзмітрый Каваленка / Дзмітрый Філімоненкаў). Дапамагчы маладым стаць шчаслівымі бярэцца служанка Туанэтта (Вікторыя Шамардзіна / Алена Шарэпчанка). Ці атрымаецца гэта ў яе?.. Глядзіце спектакль і даведаецеся!

Рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар музычнага афармлення Сяргей Талкач. Мастак-пастаноўшчык Алена Ігруша. Харэограф Дзіяна Юрчанка.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

16 студзеня (19:00) запрашаем на іранічную мілую драму «ПАЗЫЧАНАЕ ШЧАСЦЕ» па п’есе Фёдара Палачаніна.

 

Вясковая дзяўчына Ала (Тамара Краснабаева-Чарняк / Ніна Обухава) выпраўляецца ў горад, каб атрымаць адукацыю і стаць настаўніцай. Па дарозе, у цягніку, яна знаёміцца з маладым хлопцам, прыгажунчыкам Валерыем (Яўген Бераснеў). Паміж імі завязваюцца рамантычныя адносіны. Праз некаторы час Валерый знікае, пакінуўшы Алу ў «цікавым становішчы». Знікае, каб вярнуцца… праз дваццаць гадоў — па асабістым запрашэнні ўласнай дачкі, якую ён ні разу не бачыў, на яе вяселле. Ці зможа Ала дараваць свайму колішняму каханаму, да якога яна захавала свае пачуцці? Ці злучацца яны зноў? На гэтыя пытанні аўтары спектакля прапануюць адказаць гледачу.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by.

19 студзеня (19:00) вас чакае сустрэча з героямі чэхаўскіх п’ес-жартаў у спектаклі «СМЕШНЫЯ ЛЮДЗІ».

 

Гісторыі спектакля – быццам спісаныя з жыцця. Прасякнутыя тонкай іроніяй і знаходлівым гумарам, яны захапляюць лёгкасцю сюжэта і вытанчанасцю вобразаў. Героі Чэхава – звычайныя людзі, якія ў прапанаваных абставінах выглядаюць смешнымі, чуллівымі, кранальнымі.

У частцы «Пра шкоду тытуню» Іван Іванавіч Нюхін (уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук), сапраўдны муж сваёй жонкі, шукае любую магчымасць, каб у сваіх лекцыях расказаць пра пакуты сямейнага жыцця.

У частцы «Юбілей» банк святкуе якраз юбілей, а гэта справа адказная. Але пакуль адны, як старшыня кіраўніцтва Шыпучын Андрэй Андрэевіч (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка), з хваляваннем чакаюць урачыстасці, іншыя, як бухгалтар Кузьма Мікалаевіч Хірын (Яўген Бераснеў), займаюцца складанай штодзённай працай. Але ці магчыма па-сапраўднаму засяродзіцца на справе, калі перад вачыма пастаянна мітусяцца то жонка начальніка Таццяна Аляксееўна (Алена Шарэпчанка), то дакучлівыя наведвальнікі з прашэннямі кшталту Настассі Фёдараўны Мярчуткінай (Раіса Грыбовіч), то службоўцы з паперкамі і віншаваннямі?!..

У частцы «Прапанова» памешчык Іван Васільевіч Ломаў (Цімур Жусупаў) прыходзіць да свайго суседа Сцяпана Сцяпанавіча Чубукова (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў), каб зрабіць прапанову ягонай дачцэ Наталлі Сцяпанаўне (Вікторыя Шамардзіна). І ўсё магло б вырашыцца паспяхова, калі б не да смешнага бессэнсоўная прынцыповасць у меркаваннях усіх трох герояў, прыперчаная спрэчнымі пытаннямі маёмасці і сабакаводства.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

20 студзеня (18:00) запрашаем паглядзець трагікамедыю «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» па аднайменнай аповесці Паўла Санаева.

 

Спектакль апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева (Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў), які жыве разам з дэспатычнай бабуляй (Валянціна Багданава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова) і слабахарактарным дзядулем (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан). Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці, якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

21 студзеня (18:00) на камернай сцэне вы зможаце ўбачыць метафізічны трылер «Я ВОЛЬНЫ!» паводле рамана Амелі Натомб «Касметыка ворага».

 

У парыжскім аэрапорце затрымліваецца рэйс на Барселону. Адзін з пасажыраў, Жэром Ангюст (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка), падрыхтаваўся да доўгага чакання, выцягнуў кнігу, але пачытаць не атрымліваецца. Да яго падсаджваецца нейкі мсье Тэкстор Тэксэль (Святлана Жукоўская) і распачынае непрыемную шчырую размову пра сваё жыццё. Агідныя прызнанні, разважанні пра Бога, прыхаваныя пачуцці… І вядома – каханне, якое мяжуе са смерцю… Слова за словам героі апускаюцца на цёмнае дно чалавечай сутнасці, адчыняюць дзверы, якія, магчыма, і не варта адчыняць…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

23 студзеня (19:00) запрашаем на камерную сцэну на трагікамедыю «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН» па п’есе амерыканскага драматурга Дональда Лі Коўбэрна.

 

Уэлер Марцін (уладальнік медаля Францыска Скарыны Пятро Ламан) – у мінулым паспяховы бізнесмен, якому здрадзілі партнёры. Фонсія Дорсі (Анжаліка Баркоўская) – супрацоўніца жыллёвай канторы без сярэдняй адукацыі. Яны выпадкова сустракаюцца, знаёмяцца і бавяць час за гульнёй у карты. У двух супрацьлеглых па характары людзей – усё ў мінулым, і аб’ядноўвае іх толькі адсутнасць будучыні. У нейкі момант няхітрая забава гульнёй у джын, простыя лекі ад маркоты робяцца для іх сэнсам і нават метафарай жыцця. Гульня напаўняецца ўспамінамі і шкадаваннямі пра згубленыя гады, пра тое, што не змаглі знайсці агульную мову з дзецьмі і цяпер вымушаны застацца адзін на адзін з самімі сабой. Ці змогуць героі адкрыць усе карты? І хто ж выйдзе пераможцам у гэтай тэатральнай партыі – адзінокія людзі або ўсё ж такі іх лёс?

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

24 студзеня (19:00) запрашаем на камерную сцэну паглядзець спектакль «ДЗЕЦІ. ВЁРСТЫ» Арцёма Казюханава паводле твораў Якуба Коласа – драматычнага абразка «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях».

 

Спектакль распавядае пра лёс Кабеты (Раіса Грыбовіч / Святлана Жукоўская), якая дарэмна спрабуе адшукаць свавіх дзяцей, згубленых у кругазвароце жыцця. Жанчына блукае па сваіх успамінах, спрабуе знайсці адказы на пытанні, якія задае ёй сумленне: дзе, у які момант яна зрабіла памылку, чым правінілася перад Богам і дзецьмі.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

25 студзеня (19:00) запрашаем на камедыю «ШУКАЕМ ТЭНАРА» па п’есе Кена Людвіга.

 

У амерыканскім Кліўлендзе мусіць адбыцца паказ знакамітай оперы «Атэла», у якой галоўную ролю выконвае сусветна вядомы італьянскі тэнар Ціта Мэрэлі (Цімур Жусупаў). Усе ў чаканні неверагоднай, знакавай падзеі! Сондэрс, дырэктар Кліўленд Гранд-Апера (уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка), ужо гатовы падлічваць прыбытак. Яго дачка Мэгі (Тамара Красанабаева-Чарняк / Святлана Сухадолава), сапрана тэатра Дзіяна (Алена Шарэпчанка) і старшыня опернай гільдыі Джулія (Ніна Обухава) нецярпліва, кожная па-свойму, рыхтуюцца сустрэць высокага госця… І толькі асістэнт дырэктара, сціплы, няўпэўнены Макс (Яўген Бераснеў) адчувае сябе залішнім у гэтай урачыстай мітусні. Але гэта пакуль што…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

26 студзеня (19:00) вас чакае сустрэча з героямі Фёдара Дастаеўскага ў трагіфарсе «ДЗЯДЗЕЧКАЎ СОН».

 

Жыхарка правінцыйнага Мардасава, Мар’я Маскалёва (Алена Шарэпчанка), імкнучыся да жыцця ў сталіцы, хоча ўладкаваць выгаднае замужжа для сваёй дачкі Зінаіды (Ніна Обухава / Дар’я Французава). Вельмі дарэчы ў горадзе з'яўляецца багаты і паспяховы Князь (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс / уладальнік меладя Францыска Скарыны Юрась Цвірка). Ён, праўда, вельмі шаноўнага веку. Але ж, мабыць, ён хутка памрэ і пакіне пасля сябе багатую спадчыну і шаноўны тытул? Чым жа скончыцца авантурны праект галоўнай гераіні ў спробе выйграць шчаслівы квіток у зусім іншае жыццё?

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

27 студзеня (12:00) на камернай сцэне для дзяцей і іх бацькоў будзе паказана музычная казка «ВЯДЗЬМАРКА І ДЫНАЗАЎРЫК».

 

Галоўны герой гэтай дзіцячай казкі ў нечым нагадвае Маленькага прынца. Як і ў славутым творы Экзюперы, Дыназаўрык з іншай планеты (Уладзіслаў Жураўлёў / Цімур Жусупаў) вельмі пакутуе ад адзіноты і ў пошуках сяброў блукае па бязмежным Сусвеце. З караблём здараецца катастрофа, і наш герой прызямляецца ў халодным зімовым лесе, дзе яго чакаюць злосныя і жорсткія чараўнікі – вядзьмарка Барабуля (Раіса Грыбовіч / Зінаіда Гурбо) і Зюзя-Зімавіца (Міхаіл Асанаў / уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук). Праўда, загубіць Дыназаўрыка ў іх не атрымаецца, яго ўратуюць дзеці – Піліпка (Яўген Бераснеў / Дзмітрый Філімоненкаў) і Сняжана (Ніна Обухава / Алёна Чыстабаева).

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце www.kvitki.by.

27 студзеня (18:00) запрашаем паглядзець гастрольны спектакль «ПРИТВОРСТВО И ЛЮБОВЬ» па п’есе Жана Даніэля ў выкананні зорак расійскага тэатра і кіно.

Гэта гісторыя, якая магла здарыцца ў любым горадзе і з любымі героямі. Пачыналася ўсё па класічнай схеме: муж адправіўся ў камандзіроўку, а яго жонка тым часам запрасіла палюбоўніка, каб хоць трохі адпачыць ад сямейнага жыцця. Усё б нічога, ды вось толькі ў самы пікантны момант муж-раганосец вярнуўся дадому. Што рабіць? Ну, вядома ж, прыдумаць і расказаць легенду.

Узроставае абмежаванне – 16+. 

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

28 студзеня (18:00) запрашаем на камерную сцэну паглядзець цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» па п’есе беларускага драматурга Аляксандра Савухі.

 

Па сюжэту, галоўны герой (Дзмітрый Каваленка) – буйны ганарлівы бізнесовец, сам таго не разумеючы, апынаецца ў становішчы, з якога няма выйсця. І там, у паралельным свеце, да яго вяртаюцца страчаныя сумленне, здольнасць спачуваць, дапамагаць людзям. Героі гэтай «цёмнай гісторыі са святлом у канцы тунэля» гавораць гледачу пра мімалётнасць жыцця, пра тое, што грошы, нават самыя вялікія, абсалютна нічога не значаць і не могуць быць крытэрыем каштоўнасці нашага існавання ў гэтым свеце. Рэжысёр, акцёры ставяць пытанні, прымушаюць думаць і пераацэньваць жыццёвыя ўстаноўкі.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

30 студзеня (19:00) на камернай сцэне вы ўбачыце монаспектакль актрысы Зінаіды Гурбо «НЕЗАГОЙНАЯ РАНА» па творах Васіля Быкава, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча. Па жанры гэта споведзь. Монаспектакль складаецца з трох навел.

 

Першая – «Незагойная рана» паводле апавядання народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Страшная трагедыя беларускага народа падаецца праз прызму ўспрыняцця простай вясковай кабеты Тэклі, якая згубіла свайго сына-салдата. Другая – «Memento mori» паводле аднайменнага апавядання Янкі Брыля, які адным з першых у беларускай літаратуры ўзняў тэму «вогненных» вёсак. Іх гора яшчэ раз нагадвае пра жудасную трагедыю Хатыні. Трэцяя  – «Балада пра смяротнікаў» Уладзіміра Караткевіча. Гэта споведзь і разам з тым абвінавачванне вязняў лагера смерці.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайце
www.kvitki.by.

31 студзеня (19:00) чакаем гледачоў на інтэрактыўнай камедыі «ПЁС БЕЛАГА ВОСТРАВА» па п’есе Аляксея Дударава.

 

Малады акцёр Вілен (Яўген Бераснеў) занадта рана, з першай ролі, адчуў смак славы і глядацкай вядомасці. Як гэта кажуць «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы?!.. Але выйсце ёсць – Белы востраў і ягоны жыхар, анёл-ахоўнік Пёс (Дзмітрый Каваленка). Белы востраў – нязбыўная мара, дзе кожны знаходзіць сябе і мае шчасце казаць толькі праўду.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81),
на сайтах
24afisha.by, www.kvitki.by, www.ticketpro.by.

Чакаем усіх гледачоў на нашых спектаклях!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X