ВЯЧАСЛАЎ ГРУШОЎ: «САМАЕ ГАЛОЎНАЕ – ПРАЎДА ПАЧУЦЦЯЎ»
03.05.2025
3 мая ў заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Вячаслава Грушова - свята! Ён адзначае юбілей - 75-годдзе з дня нараджэння! Вячаслава Георгіевіча прыемна бачыць, з ім заўсёды цікава размаўляць, дыскутаваць, спрачацца. Гэта чалавек з высокай мастацкай эрудыцыяй і вялікім жыццёвым, сцэнічным досведам. Ад яго можна пачуць многае з мінулага нашага тэатра, што, здаецца, ужо канула ў Лету забыцця. Таму яго згадкі пра тых людзей, тэатральных дзеячаў вельмі высокага ўзроўню і самых простых працаўнікоў сцэны каштуюць вельмі дарагога. Апрача ўсяго іншага, гэта вельмі дасведчаны ў мастацкіх праявах творца. Мае свой погляд на даволі знаёмыя і нават класічныя рэчы – спектаклі, кнігі, кінастужкі. Часам скептычны, часам іранічны, часам парадаксальны ў дачыненні нават даўно прызнаных твораў. Яго думцы, яго меркаванню давяраеш, бо ён здольны пераконваць.

Цікава, што ў дзяцінстве Вячаслаў Георгіевіч не хварэў тэатрам, не марыў аб прафесіі акцёра, нават не ведаў, дзе, у якой навучальнай установе іх рыхтуюць. Яго больш цікавіў спорт, тым болей што ў лыжнай секцыі з падлеткамі займаўся сапраўдны алімпійскі чэмпіён. Але аднойчы давялося паўдзельнічаць у адным тэатралізаваным прадстаўленні, і настаўнік параіў яму паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут на акцёра. Прыёмную камісію хлопец зацікавіў нейкай сваёй юначай разняволенасцю, імпэтам, упэўненасцю ў сябе. Да таго ж, кіраўніком курса быў славуты рэжысёр Рускага тэатра імя Горкага, выдатны тэатральны педагог Уладзімір Маланкін. Па першым часе Слава Грушоў не разумеў саму сутнасць тэатральнага мастацтва, бо не быў знаёмы з сапраўднымі сцэнічнымі шэдэўрамі. Для гэтага яму давялося з’ездзіць у Маскву і Ленінград, дзе ён убачыў сапраўдных майстроў МХАТа, Таганкі, піцерскага тэатра імя Ленінскага камсамола з яго знакамітай «Вестсайдскай гісторыяй». Тады ён зразумеў, што прафесія акцёра не павярхоўная. А даволі складаная, яна датычыцца ўнутранага жыцця чалавека.
А потым быў Віцебск, Коласаўскі тэатр, служэнню якому Вячаслаў Георгіевіч прысвяціў амаль усё жыццё. Больш за паўстагоддзя. Дэбютам на коласаўскай сцэне для Вячаслава Грушова стаў Ніглас у пастаноўцы «Свой востраў» па п’есе эстонскага драматурга Р.Каўгвера.

Сярод першых буйных роляў – Сяргей у «Прахадным бале» Б.Рацэра і У.Канстанцінава. Гэта быў малады, закаханы юнак, які адстойваў перад бацькамі сваю незалежную пазіцыю, свае прынцыпы. Як прызнаецца акцёр, гэтая задача супадала з яго характарам, таму было вельмі лёгка адчуваць сябе ў прапанаваных абставінах.

Пазней былі Велімір у «Доктары філасофіі» Б.Нушыча, Педра з «Рабы свайго каханага» Лопэ дэ Вегі, дон Себасцьян у «Раўнівай да сябе самой» Цірса дэ Маліны, Густаў з «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына. Усе работы – добрыя, прафесійна зробленыя, але хацелася чагосьці большага.


Калі акцёрская праца не задавальняла праз недахоп сур’ёзных, маштабных работ, стала з’яўляцца цікавасць да рэжысуры. Паехаў у Вялікі драматычны тэатр у Ленінградзе, да Георгія Таўстаногава. Гэта была не стажыроўка, проста была такая творчая ініцыятыва спасцігнуць, зразумець рэжысёрскую прафесію. Прысутнасць на рэпетыцыях такога сталага майстра паўплывала на творчае развіццё, набіраўся прафесійны досвед.
Вельмі карыснымі для Вячаслава Грушова былі ўрокі, атрыманыя ад выдатнага рэжысёра Барыса Эрына. Атрымалася сапраўдная школа, што дала разуменне, спасціжэнне новай прафесіі. Акцёр сачыў за рэжысёрам і прыкмячаў, што можна ўзяць карыснае для сябе. Ён нават запомніў некаторыя яго фразы. Напрыклад, гэтую: «Ніколі не рабі заўвагі акцёру, рабі прапановы». Важна было бачыць больш за іншых і гэтым падзяліцца з акцёрамі. У іншым выпадку – імітацыя, крадзеж: ты скраў тэкст у аўтара і выдаў за асабісты. А вось калі ты ў п’есе знайшоў сваё, акумуляваў знойдзенае праз акцёра, тады гэтая ідэя абавязкова ўзрушыць гледача.
З прыходам у тэатр Віталя Баркоўскага наступіў новы, больш цікавы перыяд і для Грушова-акцёра. Сярод роляў, якія можна назваць этапнымі ў яго творчай біяграфіі, – Аляксандр Фінскі ў спектаклі «…таму што люблю...» па п’есе А.Паповай «Дзень карабля», доктар Зеет з «Пісьменных» М.Чокэ. Спектакль, дарэчы, атрымаў Гран-пры на фестывалі нямецкай драматургіі. Доктар Грушова кранальны, разгублены, мяккі, прыстойны чалавек у свеце шоў-бізнесу. Ён з вялікай цяжкасцю імкнецца звесці ў адно калейдаскоп сучаснага жыцця і знайсці пункт апоры. І не можа гэтага зрабіць.


Цікавай была спроба паглыбіцца ў аўтарскі матэрыял у спектаклі «І смех, і слёзы, і Любоў» паводле п’есы У.Набокава «Падзея», дзе артыст сыграў Трашчэйкіна. У гэтай рабоце, як пазней і ў ролі Старадума з «Недарасці» Д.Фанвізіна, Вячаслаў Грушоў зноў вярнуўся ў стыхію камедыйнага жанру. Галоўны герой п’есы – інтэлігент-пустабрэх, мастак, што працуе «на заказ» і сам ганарыцца сваімі падробнымі шэдэўрамі. З уласцівай акцёру мяккай, далікатнай манерай ігры Грушоў дакладна паказаў чалавека слабога, які згубіў мінулыя ідэалы, існуе па інерцыі, які змірыўся са здрадамі жонкі і падмяняе сапраўднае жыццё нейкім тэатральным рытуалам.


Вячаслаў Грушоў стварыў цэлы шэраг чэхаўскіх вобразаў: Серабракоў у «Дзядзі Вані», Гаеў у «Вішнёвым садзе», Дорн у «Чайцы». Артыст крыху іранічна адносіцца да сваіх герояў, як бы раскрывае іх знутры. Яны жывуць чалавечымі распуснымі жарсцямі і хаваюць іх за маскай добрапрыстойнасці. Серабракоў губляе ўладу сярод сваіх і таму чапляецца, стараецца навязаць сябе. Гэта эгаізм, узведзены ў квадрат, гульня над сваімі хваробамі. Урэшце ў фінале ён застаецца адзін, усімі забыты. У вобраз Гаева акцёр дадае шмат іроніі, насмешкі. Героя нават параўноўвалі з цыркачкай-клаўнэсай Шарлотай, толькі з той розніцай, што ў яго не было такога горкага стаўлення да жыцця і беспрытульнасці лёсу, але была дзіцячая непасрэднасць і здзіўленне.

У апошнія сезоны Вячаслаў Грушоў стварыў шэраг новых запамінальных вобразаў. Напрыклад, Палкоўнік з драматычнай балады «Не пакідай мяне» А.Дударава. Артыст нібы даводзіць, што псіхалогія чалавека ў ваенны час мяняецца, і чалавек у нечаканых абставінах паводзіць сябе інакш, чым у звычайным жыцці. Зразумець вайну звычайнай чалавечай логікай немагчыма, трэба самому прайсці праз гэтае пекла. І колькі б пра гэта не пісалі, колькі б фільмаў, спектакляў не ставілі, гэта толькі мастацкі погляд на тыя абставіны, у якія трапляе чалавек. Палкоўнік згубіў сына на вайне. Снайпер трапіў у фуражку, якую нельга было надзяваць. І той жа Палкоўнік аддае загад – фактычна пасылае дзяўчат з разведгрупы на смерць. Псіхалагічна гэта апраўдаць дужа складана.

Пата Дулі з кухоннага трылера «Каралева прыгажосці з Лінэна» М.Мак-Донаха. Гэты герой зразумеў, што і ад яго многае залежыць, ці ўратуецца чалавек. І ён зрабіў такі ўчынак. Не дапамог, не здолеў адхіліць трагічную развязку, але ўсё ж такі хаця б паспрабаваў.

Вядома ж, неаднойчы артысту даводзілася іграць і мярзотнікаў. Такім, напрыклад, з’яўляецца яго Лешч, турэмны лекар, з сямейнай драмы М.Горкага «Апошнія». Яго жыццёвая мэта – нязменнае пашырэнне ўласнай жыццёвай прасторы. Ён фактычна паскарае скананне Якава Каламійцава. Артыст паступова, ходам спектакля, раскрывае ўнутраную нікчэмнасць свайго героя. У гэтым жа шэрагу – следчы Партноў з драмы «Сотнікаў» па аповесці Васіля Быкава, чалавек, што згубіў самыя апошнія рэшткі сумлення з-за страху і рабалепства перад ворагам.


Самыя розныя фарбы са сваёй акцёрскай палітры – здольнасць адаптавацца да прапанаваных абставін, дакладнасць сцэнічнага існавання, а калі неабходна, згодна з жанрам і рэжысёрскай задумай, то і гратэск – выкарыстоўвае акцёр пры стварэнні камедыйных вобразаў. Чубукоў са спектакля «Смешныя людзі» паводле аднаактовых п’ес-жартаў А.Чэхава, Жывата Цвіёвіч з «Доктара філасофіі» Б.Нушыча, Іваноў з «Экстрасэнсаў» па п’есе «Феномены» Р.Горына, Ён з міні-серыяла для мужчыны і жанчыны «Асенні rock’n’roll» паводле п'есы М.Хейфеца «Rock’n’roll на захадзе сонца».

У «Доктары філасофіі» артысту давялося сыграць у розныя перыяды ажно тры ролі – апрача цэнтральнага вобраза, яшчэ прафесара Райсэра і сябра Жываты – прайдзісвета Благае. Такія ўжо асаблівасці тэатральнага жыцця, калі нейкі артыст выпадае з абоймы з прычыны хваробы ці па іншай прычыне, і патрабуецца хуткая замена ці, як кажуць у тэатры, тэрміновы ўвод. Для кожнай ролі выканаўца знаходзіў нейкія трапныя рысачкі, якія ў дадатак да індывідуальнасці, моцнай харызмы самога акцёра дазволілі стварыць цікавыя вобразы з добра выбудаванай партытурай, вострым сцэнічным малюнкам.

Вялікім поспехам у гледача карыстаецца спектакль «Асенні rock’n’roll». І, між іншым, трымаецца ў рэпертуары на працягу ўжо больш за пяць гадоў, што здараецца не так часта з пастаноўкамі для дарослага гледача. І не толькі таму, што разлічаны на публіку адпаведнага ўзросту, якая пераважае ў глядзельнай зале. Гэта і вынік моцных акцёрскіх высілкаў, якія прыносяць добры плён. Герой Вячаслава Грушова крыху стомлены жыццём, узростам і самае галоўнае – адзінотай, якая з'яўляецца, апрача, вядома хвароб, самым небяспечным спадарожнікам людзей у сталым узросце. Ён спрабуе знайсці з жанчынай агульную мову, зразумець роднасную душу, прыдумаць з ёй свой танец, каб пазбыцца самому і пазбавіць яе ад эгаізму самоты. Героі разам з аўтарам п'есы і рэжысёрам быццам сцвярджаюць: нічога не бывае позна!

Усяго за сваё доўгае сцэнічнае жыццё Вячаслаў Георгіевіч стварыў больш за 100 яскравых запамінальных вобразаў.
Але ж вялікае месца ў жыцці і творчасці юбіляра займаюць і рэжысёрскія работы.
Першай пастаноўкай Вячаслава Грушова былі «Жарты» паводле вадэвіляў М.Чарота і Л.Родзевіча (1976), потым «Кветкі-ягадкі» В.Ткачова, у больш позні перыяд – «Варвара і яе блудны муж» Г.Марчука (1998), «Ветразі» паводле А.Грына (2002), «Старамодная камедыя» А.Арбузава (2007), «Пазычанае шчасце» Ф.Палачаніна (2009), казкі «Як Воўк мамай быў» В.Ткачова (2011), «Агнявы Леў» А.Кружнова (2018), «Кот у ботах» А.Замкоўскага паводле Ш.Пэро (2019), «Усе мышы любяць сыр» Д.Урбана (2020). У апошнія сезоны – пастаноўкі для дарослага гледача – «Саня, Ваня, з імі Рымас» У.Гуркіна і «Парашутыст» паводле аднайменнай аповесці А.Селіна.
Калі размова ідзе пра сучасных аўтараў, Вячаслава Георгіевіча адрознівае скрупулёзная работа ў супольнасці з драматургам над тэкстам, калі ходам працы адзін сцэнічны варыянт змяняецца другім, адаптуецца і пад рэжысёрскую задуму, і пад успрыманне спектакля гледачом. І з гэтага ёсць моцны вынік. Напрыклад, іранічная мілая драма «Пазычанае шчасце» карыстаецца попытам у гледача ўжо больш за 15 год.

У 2023 рэжысёр Вячаслаў Грушоў звярнуўся да п’есы Уладзіміра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас». Як прызнаваўся ў адным з інтэрв’ю, сваю работу ён прысвяціў таму пакаленню, якое, на жаль, ужо адыходзіць, але якое ў гады Вялікай Айчыннай вайны праявіла чалавечнасць, годнасць, самаахвярнасць – тыя якасці, дзякуючы якім яно і выжыла. Спектакль мае вялікі поспех у гледачоў, магчыма і таму, што яны бачаць на сцэне простых людзей, вобразы якіх па-майстэрску вывеў драматург, а на камернай сцэне Коласаўскага тэатра бліскуча ўвасобілі артысты розных пакаленняў.
Па жанры, як яго вывеў і аўтар, тут заяўлена меладрама. Рэжысёр гэтае вызначэнне, відаць, яшчэ больш узмацніў, пазначыўшы так: «жыццёвая меладрама». Жаданне яго зразумелае – стварыць на сцэне такую натуральнасць, такое праўдападабенства акцёрскага існавання, такую адсутнасць штучнага, што ў гледача не застаецца ніякага сумневу, што менавіта такімі маглі б быць рэальныя, непрыдуманасці персанажы, народныя героі.
Напрыканцы мінулага года адбылася прэм’ера яшчэ адной пастаноўкі Вячаслава Грушова – «Парашутыст» паводле аповесці расійскага пісьменніка Аляксандра Селіна. Героі, а разам з імі артысты і рэжысёр зазіраюць унутры сябе, каб паспрабаваць адказаць на вечныя пытанні: што такое жыццё? што такое смерць? хто такі чалавек паміж жыццём і смерцю? У тэатральнай гісторыі спалучаюцца трагічнасць і камічнасць, гумар і драматызм, гарэзлівасць і прытча.
Прывядзем водгукі некаторых гледачоў.
Ігар, глядач: «Спектакль «Парашутыст» выдатны. Бліскучая ігра акцёраў. Дзякуй за ігру, эмоцыі! Усім рэкамендую пабываць на гэтым спекатклі. Вельмі ўдзячны!»
Ксенія Цімохіна, глядач: «Для мяне гэты спектакль быў падабраны з філасофскай задумай для гледача як усведамленне чалавекам пра паняцце жыцця і смерці…Дзякуючы гэтай пастаноўцы можна паразважаць пра сэнс нашай існасці, пра тыя побытавыя і ўжо, здаецца, недарэчныя праблемы, якія сустракаюцца ў нас на шляху. Выходзячы пасля спектакля, мяне суправаджалі змяшаныя пачуцці і адначасовае захапленне тым, што такія перажытыя моманты і ролі людзей на гэтай сцэне змаглі прымусіць паверыць у сюжэт, які так рэдка закранаецца і абмяркоўваецца пакаленнямі на сённяшні момант існавання…».
Цёплыя водгукі гледачоў – моцнае пацверджанне мастацкай вартасці пастаноўкі.
Артыкул пра майстра сцэны хочацца завяршыць яго ўласнымі выказваннямі:
«Я не лічу акцёрства за прафесію. Гэта хутчэй – любімае хобі. Таму што да хобі адносішся з любоўю, з цікаўнасцю, з лёгкасцю. А калі прафесія, то гэта невялічкі цяжар, а павінная быць на высокім узроўні.»
«Тэатр не мае праўды, таму што ўсё ўмоўна на сцэне. Няма праўды і ў жыцці, бо там – тэатр вакол. Самае галоўнае – гэта праўда пачуццяў. Калі праўда пачуццяў ёсць на сцэне, то гэта і мінулы, і сучасны, і будучы тэатр.»
«У мяне ёсць думка, што трэба любіць не толькі мастацтва ў сабе, але і сябе ў мастацтве! Любіць сябе як інструмент, якім будуць карыстацца драматургі і рэжысёры. Любіць і быць заўжды гатовым да ролі. Можна ніколі не сыграць Фірса, Гамлета, Джульету, але павінны быць гатовым. Павінны любіць сябе ў тэатры.»
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа віншуе
вядучага майстра сцэны, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь,
паспяховага акцёра і рэжысёра Вячаслава Георгіевіча Грушова з 75-годдзем
і зычыць яму моцнага здароўя, няспыннай няўрымслівасці,
далейшага творчага пошуку і яскравых мастацкіх вынікаў,
новых выдатных роляў і пастановак!
3 мая - у дзень нараджэння артыста, - а 18-й гадзіне,
запрашаем усіх прыхільнікаў яго таленту на камерную сцэну тэатра,
дзе адбудзецца яго бенефіс.
У праграме - спектакль «Асенні rock'n'roll» і віншавальная частка.
Чакаем усіх-усіх!


















Добавить комментарий