«Я ВОЛЬНЫ!» ПЕРАД НОВЫМ ГОДАМ
Напрыканцы 2013 года ў Коласаўскім тэатры адбылася здача спектакля «Я вольны!». Матэрыял для яго стварэння стаў раман «Касметыка ворага» Амелі Натомб, самай знакамітай на сёння франкамоўнай пісьменніцы. Яе творы перакладзены больш як на 30 моў свету. Псіхалагічны трылер «Я вольны!» - першая ў Беларусі пастаноўка паводле Амелі Натомб.
Прэм'ера спектакля адбудзецца 21 студзеня, а 19-й гадзіне, у тэатральнай гасцёўні.
Рэжысёр Аляксандр Дольнікаў (Масква) паспрабаваў даць свой адказ на пытанне, чаму мы забіваем тое, што больш за ўсё любім. Раз за разам чалавецтва шукае варыянты - і не можа знайсці.
У парыжскім аэрапорце затрымліваецца рэйс на Барселону. Адзін з пасажыраў, Жэром Ангюст (Георгій Лойка), падрыхтаваўся да доўгага чакання, выцягнуў кнігу, але пачытаць не атрымліваецца. Да яго падсаджваецца нейкі мсье Тэкстор Тэксэль (Святлана Жукоўская) і распачынае непрыемную шчырую размову пра сваё жыццё. Агідныя прызнанні, разважанні пра Бога, прыхаваныя пачуцці… І вядома – каханне, якое мяжуе са смерцю… Слова за словам героі апускаюцца на цёмнае дно чалавечай сутнасці, адчыняюць дзверы, якія, магчыма, і не варта адчыняць…
ТЭКСЭЛЬ. Якое прыхіленне перад сваім я. «Я – гэта я, ніхто і нішто, акрамя мяне. Я – гэта я, значыць я – не крэсла, на якім я сяджу, і не дрэва, на якое я гляджу. Я адрозніваюся ад ўсяго свету». Вось тваё жыццёвае крэда.
ЖЭРОМ. Так, гэта маё крэда.
ТЭКСЭЛЬ. Такія людзі, як ты, навучыліся цудоўна жыць не думаючы. Бо ў жыцці столькі нагодаў для хваляванняў, а тут яшчэ тваё маленькае «я» час ад часу задае непрыемныя пытанні. Навошта думаць? Няхай думаюць іншыя: філосафы, паэты, палітыкі. Так жыць больш зручна.
Куды прывядзе пранікнёны дыялог? Хто такі насамрэч Тэкстор Тэксэль? Ці зможа Жэром Ангюст супрацьстаць яму? Усе пытанні атрымаюць адказы, адпаведныя жанру псіхалагічнага трылера.
Пераклад на беларускую мову зрабіў літаратурны рэдактар тэатра Алесь (Аляксандр) Замкоўскі. Сцэнаграфія і музычнае афармленне Аляксандра Дольнікава. Касцюмы Святланы Макаранкі, галоўнага мастака тэатра.
Аляксандр Васільевіч Дольнікаў – рэжысёр, мастак. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1980 годзе. Працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у тэатрах Мінска, Брэста, Магілёва, Віцебска (Беларусь) і Масквы (Расія). Асноўныя працы: спектаклі «Дон Жуан» Ж.Б.Мальера, «Антыгона» Ж.Ануя, «14 чырвоных хацінак» А.Платонаў, «Чалавек справы», «Антропас» А.Чэхава і іншыя. Скончыў курс А.Яфрэмава пры Маскоўскім мастацкім тэатры (МХАТ), курс А.Васільева пры Школе драматычнага мастацтва. Аляксандр Дольнікаў з’яўляецца аўтарам шэрагу п’есаў паводле твораў А.Чэхава, Г.Маркеса, І.Тургенева, С.Бэкета і іншых. Зараз Аляксандр Дольнікаў жыве ў Маскве.
Добавить комментарий