ШЧЫРА ВІНШУЕМ З ДНЁМ РАБОТНІКАЎ КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ!

12.10.2025
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
шчыра віншуе з Днём работнікаў культуры Рэспублікі Беларусь!
Гэтае свята аб’ядноўвае ўсіх, хто ўносіць неацэнны ўклад у духоўнае развіццё роднай краіны, папулярызацыю нашай найбагацейшай спадчыны, хто неабыякавы да мінулага, сучаснага і будучага.
Работнікі культуры – людзі самаахвярныя. Былі такімі і засталіся зараз. Яны не шкадуюць здароўя, часу, увагі родных, бо яны ствараюць глыбокую і хуткую плынь творчасці, духоўнага развіцця. Кожны раз – на сцэне і ў звычайнай аўдыторыі, пад час спектакляў, канцэртаў, прэзентацый, віншаванняў – аддаюць гледачу сябе, не ведаючы, ці атрымаюць што наўзамен. Але ж вельмі чакаюць. Менавіта дзякуючы намаганням сапраўдных рупліўцаў, ведам, вопыту, таленту культура ў сваіх лепшых узорах і праявах служыць людзям.
Ад усяго сэрца зычым моцнага здароўя, міру і дабра, удалага ўвасаблення ўсіх планаў і задум, сямейнага дабрабыту! Няхай агмень натхнення і творчага пошуку ніколі не згасае ў вашай высакароднай працы!
І няхай у святочны дзень нас радуюць радкі беларускага паэта Янкі Сіпакова!
Варта ў крылы паверыць свае,
Трэба ў крылы свае паверыць,
А нам смеласці ўсё не стае,
Каб свой край на свой лёт перамераць.
Крылы нашы – для радасці, мар,
Крылы нашы – для працы і свята.
Крылы – лішнія, крылы – цяжар,
Калі ў іх не верыш зацята.
Каб пад намі зямля паплыла,
Каб вятры захадзілі над намі, –
Трэба верыць у сілу крыла
I абняць Беларусь крыламі!


















Добавить комментарий