5 ЛІПЕНЯ СТАРЭЙШАЯ АКТРЫСА КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА ЗІНАІДА ГУРБО АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ! 80 ГОД З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ!

 

Зінаіда Міхайлаўна ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню сцэнічнаму мастацтву. Увесь яе творчы шлях (а гэта без малага 60 год) звязаны з Коласаўскім тэатрам. Нягледзячы на сталы ўзрост, яна працягвае выходзіць на сцэну і радаваць гледача сваім майстэрствам.

Нарадзілася яна ў вёсцы Ванькоўшчына Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У дзяцінстве вельмі любіла чытаць беларускую літаратуру і таму добра адчувала роднае слова. Як і ўсе яе аднагодкі, хадзіла ў школу, дзе актыўна ўдзельнічала ў самадзейнасці, атрымлівала перамогі на конкурсах чытальнікаў не толькі на мясцовым, але і раённым, і нават рэспубліканскім узроўнях, бо мела багаты голас з прыгожым тэмбрам, добрае беларускае маўленне. Неяк адна з членаў журы (на той час Зінаіда Міхайлаўна ўжо працавала старшай піянерважатай непадалёк ад сваёй малой радзімы) спытала ў яе: «А вы ніколі не спрабавалі паступаць у тэатральны інстытут?” А яна нават і не ведала, што такі існуе. Паспрабавала, і яе прынялі, нягледзячы на шалёны конкурс. Між іншым, разам з ёй паступалі Наталля Чамадурава, дачка галоўнага мастака Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Юлія Палосіна, дачка народнага артыста СССР, акцёра Дзяржаўнага рускага тэатра БССР імя Горкага, Аляксандр Папоў, сын выдатнага беларускага тэатральнага рэжысёра. Але мастацкі кіраўнік курса, народны артыст БССР, прафесар Дзмітрый Арлоў ставіў на мэце ўзяць да сябе не толькі добра падрыхтаваных дзетак з «эліты», але і звычайную вясковую моладзь, альбо хлопцаў і дзяўчат «з глыбінкі». Так да яго трапілі Валерый Анісенка, Баляслаў Сяўко і Зінаіда Гурбо – будучыя артысты-коласаўцы. Па-мастацку важкія вобразы сацыяльных гераінь Зінаіда Міхайлаўна стварыла ўжо ў студэнцкіх і асабліва дыпломных спектаклях. Сярод іх – Глафіра ў горкаўскім «Ягоры Булычове і іншых». Арлоў прадказваў ёй бясхмарнае будучае, магутныя ролі накшталт «Васы Жалязновай» Горкага.

На размеркаванні яна сама выбрала Коласаўскі тэатр. Ён быў тады на вельмі высокім узроўні, тут працавалі выдатныя артысты (нагадаем, што прыйшла сюды Зінаіда Міхайлаўна ў 1965 годзе) – Аляксандр Ільінскі, Цімох Сяргейчык, Анатоль Шэлег, Мікалай Звездачотаў, Алена Радзялоўская, Яніна Глебаўская, Фёдар Шмакаў, Зінаіда Канапелька. І трапіць сюды было няпроста. Першай значнай роляй стала Брунгільда ў антыфашысцкім спектаклі «Гарачае лета ў Берліне» па рамане аўстралійскай пісьменніцы Дзімфны К’юсак. Гэта быў не цэнтральны вобраз, але маладая актрыса была ўжо шчаслівая, бо працавала ў тандэме з выдатным артыстам-коласаўцам Цімохам Сяргейчыкам, які іграў яе бацьку, прафесара Шонхаўэра.

   

Так часта бывае. Малады артыст трапляе ў тэатр, а там ужо працуюць яго калегі з прыкладна такімі ж дадзенымі, падобным тыпажам, амплуа (хоць зараз ужо радзей можна пачуць гэтае слова, але на той час яно было распаўсюджана). Зінаіда Гурбо (тады яшчэ Ліневіч) прыйшла ў Коласаўскі ў якасці сацыяльнай гераіні, хоць і даводзілася іграць рознапланавыя ролі. Але ў рамках таго ж амплуа паспяхова працавалі Галіна Маркіна, Тамара Шашкіна, крыху пазней Таццяна Мархель. Таму і даводзілася часцяком быць занятай у другім складзе, замяняючы сваіх ужо больш вядомых калег і іграючы часцей у выязных спектаклях. Так, з Галінай Маркінай яна дзяліла ролі Калугінай у «Саслужыўцах» Э.Брагінскага і Э.Разанава (пазней па гэтай п’есе быў зняты фільм «Службовы раман») і Зосі Савіч у «Сэрцы на далоні» Івана Шамякіна. Сярод работ першага перыяду можна таксама прыгадаць яе Галю, старэйшую дачку Калабка ў «Трыбунале» Андрэя Макаёнка, найбольш цвёрдую, прынцыповую сярод іншых, Маўру Пакрытчанка з «Праўды і крыўды» М.Стэльмаха, Маргарыту Кэрл, прыслужніцу шатландскай каралевы з «Марыі Сцюарт» Ф.Шылера, Таню, каханую дзяўчыну галоўнага героя з драмы «Усім смярцям назло» У.Цітова, Галю з «Чатырох крыжоў на сонцы» А.Дзялендзіка, Кір’янаву з інсцэніроўкі аповесці Б.Васільева «А досвіткі тут ціхія…», санітарку Надзю з «Вайны пад стрэхамі» А.Адамовіча.

 

У спектаклі Валерыя Мазынскага «Кастусь Каліноўскі» па п’есе Уладзіміра Караткевіча Зінаіда Гурбо стварыла ўмоўна-алегарычны вобраз Беларусі. Яна з’яўлялася ў чорным на пачатку і задавала тон, настрой, падкрэслівала думку ўсяго сцэнічнага твора, яго жанр – гераічнай драмы.

У жыцці Зінаіда Міхайлаўна стварае ўражанне вельмі інтэлігентнага, сціплага, стрыманага чалавека. Але на сцэне яна можа дэманстраваць зусім іншыя якасці – быць суровай, жорсткай, упартай, нястрымнай і нават вульгарнай у нейкіх ролях. Усе гэтыя якасці можа аб’ядноўваць адно вызначэнне – «жанчыны з характарам». Прыгадаем яе фанабэрыстую, ганарлівую Ірэну з «Брыльянта» Е.Пшэздзецкага, строгую бескампрамісную жыццёва мудрую, але духоўна абмежаваную Маці ў адной з навэл («Каханне» Л.Петрушэўскай) са спектакля «Такое дзіўнае каханне»; мужную, высакародную лэдзі Глостэр з «Генры VI» У.Шэкспіра, разбэшчаную Наталі з «Любоў па перапісцы» Л.Вашко, Серафіму Ільінічну, цешчу Падсякальнікава з трагікамедыі «Самазабойца» М.Эрдмана, Джэнет Фішар з камедыі Н.Саймана «Гэты страсна закаханы». Дарэчы, на апошнюю з названых роляў Зінаіда Міхайлаўна не была прызначана. Але вобраз так спадабаўся актрысе, што яна падала творчую заяўку. Назірала за ходам рэпетыцый, а потым літаральна ўгаварыла партнёра Уладзіміра Куляшова паказацца з ёю мастацкай радзе. І гэта ацанілі калегі. Роля ўвайшла ў творчы актыў актрысы.

 

 

Але іншым разам у гэтых жаночых гісторыях прасочвалася журботная нота, калі актрыса праз вонкавую зацятасць, стрыманасць, валявую моц, самадастатковасць магла паказаць безабароннасць, неўладкаванасць, прагу да простага сямейнага шчасця сваіх гераінь. Гледачы сталага веку (якім ужо за 60) памятаюць яе Агюстыну з дэтэктыва Рабэра Тама «Восем жанчын закаханых» (тут маецца на ўвазе першая пастаноўка гэтай п’есы 1978 года) – недарэчную, смешную, наіўную, але кранальную ў сваім амаль дзіцячым эгаізме. Гэта была адна з лепшых акцёрскіх работ у спектаклі, жанчына выклікала і смех у глядзельнай зале, і спачуванне, бо перад намі быў жывы чалавек з усімі яго супярэчнасцямі.

Альбо Гіза з «Метамарфоз кахання» Іштвана Эркеня, якая з’ехала з радзімы, але ў сытай, забяспечанай Германіі так і не змагла знайсці сапраўднага шчасця, душэўнага дабрабыту. Такая ж і Піскунова ў «Маленькім свеце» Алены Паповай. «Свабодная ільвіца», яна дэкларуе сваю незалежнасць, дэманструе браваду, але прагне зусім іншага – кахання, душэўнай прыхільнасці да блізкага чалавека. І з’яўленне ў спектаклі маладога юнака Артура, які, быццам анёлак з нябёсаў, апынуўся ў асяроддзі адзінокіх жанчын, раскрывала і яе сапраўдную сутнасць.

 

Крохкасць жыцця ўдалося перадаць актрысе ў вобразе старой пані Вернье ў спектаклі «Загадка дома Вернье» Рабэра Тама паводле Агаты Крысці. Гэта была стойкасць гераіні ў абставінах складаных, рызыкоўных і драматычных, калі аб выжыванні ўжо размовы не ішло. А вось годнасць у чалавеку захоўвалася.

З апошніх работ Зінаіды Міхайлаўны, вядома ж, трэба вылучыць яе Бернарду ў сумесным беларуска-балгарскім праекце «Дом Бернарды Альбы» Ф.-Г.Лоркі. Роля такога маштабу – мара любой актрысы. І рушыла да яе актрыса, можа, усё сваё жыццё. Гэта быў сапраўдны падарунак лёсу. Зінаіда Гурбо выдатна перадала рысы, уласцівыя яе персанажу, гаспадыні дома, дзе пануе цемра і страх – жорсткасць, валявую моц, нецярплівасць да іншых поглядаў і думак, упэўненасць у непахіснасці гэтага парадку рэчаў, дамінаванне, адным словам, яе дыктатарскі пачатак.

 

У 2016 годзе актрыса падрыхтавала самастойную работу – монаспектакль «Незагойная рана». Спярша ён быў паказаны на адной з гарадскіх пляцовак, а потым прадстаўлены мастацкаму савету тэатра і па яго рашэнню ўвайшоў у рэпертуар тэатра. Кожная з выбраных навэл была ўключана ў монаспектакль невыпадкова. «Незагойная рана» Васіля Быкава і «Memento mori» Янкі Брыля ўваходзяць у школьную праграму. Іх з задавальненнем чытаў унук актрысы, і густ падлетка сыграў не апошнюю ролю. А «Балада пра смяротнікаў» Уладзіміра Караткевіча даўно запала ў яе душу: неяк, рыхтуючыся да вечара, прысвечанага беларускаму класіку, яна наткнулася на гэты драматычны верш. І прачытаўшы аднойчы, не змагла яго забыць.

 

Нягледзячы на тое, што на сцэне толькі адна актрыса, Зінаіда Гурбо трымае, зараджае глядзельную залу сваёй энергетыкай, эмацыйнай напругай, не пакідае ўражанне, што за адной фігурай, за адной абагульненай выявай узнікаюць многія іншыя, чые лёсы, чые душы, сэрцы спапяліла вайна.

Спектакль паказваецца не толькі на камернай сцэне коласаўскага тэатра, але і на розных іншых пляцоўках – найперш у школах, іншых навучальных установах.

У снежні 2018 года монаспектакль «Незагойная рана» прыняў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Театральное вече», прысвечаным 75-годдзю вызвалення Вялікага Ноўгарада (Расія) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Работа актрысы атрымала самую высокую ацэнку крытыкаў і гледачоў і, між іншым, сабрала такую прэсу, як ніводны іншы спектакль, паказаны на фестывалі.

Увогуле актрыса радуецца і прымае з задавальненнем любую творчую прапанову. Гэта і ўдзел у дзіцячых навагодніх ранішніках і, здавалася б, нязначныя, на першы погляд, ролі. І выконвае іх шыкоўна. Успомнім яе няньку Фядоссю з «Апошніх» М.Горкага альбо служанку Сэлію з п’есы Ф.Саган «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва», дзе гераіні больш маўчаць, чым уступаюць у гутаркі, спрэчкі. Але якое змястоўнае, напоўненае гэта маўчанне! Апошняя па часе яе работа – Смерць і Луізон, малодшая дачка Аргана, у спектаклі «Нібыта хворы» па п’есе Ж.-Б.Мальера. Па задуме рэжысёра многія акцёры выконваюць па дзве ролі (дарэчы, гэта ідзе яшчэ ад шэкспіраўскіх часоў), прычым некаторыя артысты старэйшага ўзросту іграюць маладых герояў і наадварот, юныя – сталых. У дадзеным выпадку атрымалася цікавае скрыжаванне персанажаў нават з філасофскага пункту гледжання: у юным чалавеку ўжо жыве яго скон.

 

Трэба прыгадаць яшчэ адну прафесію Зінаіды Міхайлаўны. На працягу многіх год яна выконвала абавязкі памочніка рэжысёра, каардынавала работу розных службаў пад час спектакляў альбо рэпетыцый. І тут ёй (ды і ўсім яе калегам) дапамагалі яе добрыя чалавечыя і прафесійныя якасці. Перш за ўсё гэта сапраўдная інтэлігентнасць, тактоўнасць, стрыманасць, добрыя ўважлівыя адносіны да калег у спалучэнні з патрабавальнасцю.

За шматгадовую плённую працу, высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва Зінаіда Гурбо ў 2001 годзе была ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», у 2008 годзе – Падзякай старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, у 2016 годзе – Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. У 2024 годзе ўганаравана спецыяльным прызам «Крыштальная зорка» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
шчыра віншуе Зінаіду Міхайлаўну з юбілеем
і зычыць ёй моцнага на доўгія гады здароўя, трываласці духу,
творчага натхнення, аптымізму і яшчэ новых яскравых роляў!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X