РЫГОР ШАЦЬКО. ПАМЯЦЬ ЗАСТАНЕЦЦА Ў НАШЫХ СЭРЦАХ
16 красавіка 2024 года магло б споўніцца 65 год з дня нараджэння заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Рыгора Іванавіча Шацько.
Сёння варта яшчэ раз успомніць гэтага выдатнага акцёра і чалавека, які да таго ж узначальваў з 1997 па 2012 гады ў якасці дырэктара наш творчы калектыў, які узяў на сябе вялікі цяжар кіраўніцтва тэатрам у вельмі неспрыяльныя 1990-я.
Нарадзіўся Рыгор Іванавіч у невялічкім гарадку Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Гэта было некалі багатае мястэчка, з трыма верамі – каталіцкай, праваслаўнай, іўдзейскай. Тры касцёлы, сінагога, кірмаш. Бацька будучага акцёра працаваў намеснікам дырэктара школы, маці там жа выкладала замежную мову. У тым жа мястэчку быў вялікі дзіцячы дом, дзе бацька таксама працаваў – дырэктарам. У дзяцінстве Рыгор любіў пісаць і чытаць вершы, нават друкаваўся з восьмага класа. Неяк вырашыў прыняць удзел у раённым конкурсе чытальнікаў, дайшоў да рэспубліканскага і заняў там другое месца. Перамога акрыліла хлопца, і з’явілася жаданне стаць акцёрам.
У тэатральна-мастацкі інстытут будучы акцёр паступаў двойчы. Першы раз прайшоў усе туры, дайшоў да суразмоўя. Ілья Курган, выдатны дыктар, педагог па сцэнічнай мове, задае пытанне: «Ці любіце вы тэатр?» На што юнак шчыра адказаў, што там ніколі не быў. Уся камісія пакрыўдзілася. Яго спыталі: «А што вы будзеце рабіць, калі мы вас не прымем?» – «Ну што ж, паступлю ў іншы інстытут». Прынеслі атэстат, а там некалькі чацвёрак, астатнія – пяцёркі. Сказалі, што да нас такія не ідуць. Паступіў ва ўніверсітэт (БДУ) на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта, там таксама пісаў вершы, быў знаёмы і з Міхасём Стральцовым, і з Алесем Пісарыкам. Працаваў вызваленым сакратаром Мінскага гаркама камсамола. Адслужыў у арміi, дзе таксама ўдзельнічаў у самадзейнасці. Вярнуўся з войска і не стаў аднаўляцца ва ўніверсітэце. Зноў пайшоў паступаць на акцёра, і так ужо атрымалася, што курс набіраў усё той жа прафесар Бутакоў.
Мабыць, невыпадкова жыццёвы лёс звязаў Рыгора Шацько з Коласаўскім тэатрам. І не толькі з ім. Але і з асобай, чыё імя носіць знакаміты калектыў. У адным са спектакляў – «Зямля» паводле творчасці народнага песняра – ён выйшаў у вобразе Якуба Коласа. А ўвогуле першае яго знаёмства з тэатрам адбылося яшчэ пад час вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, калі студэнты другога курса – вучні выдатнага педагога Аляксандра Бутакова – прыехалі ў Віцебск, каб паказацца перад мастацкім кіраўніцтвам калектыву. Рыгор Шацько тады з задавальненнем іграў у чэхаўскай «Прапанове». Крыху пазней, у 1984 годзе, ён па размеркаваннi трапіў у Коласаўскі тэатр і застаўся тут на ўсё жыццё.
Першай буйной роляй стаў Аляксандр Залатнікоў у спектаклі «Ах, які пасаж!» паводле рускіх класічных вадэвіляў. Шацько іграў маладога хлопца, што цягаецца за кожнай спадніцай. А сцэнічны партнёр Уладзімір Куляшоў іграў яго бацьку-выхавацеля. Кожнае з’яўленне гэтай пары выклікала смех у глядзельнай зале.
Пачынаў ён з роляў шчырых, мяккіх персанажаў – напрыклад, Дзмітрый Сідараў у пастаноўцы «Плюшавая малпа ў дзіцячым ложку» Марыі Яблонскай, мешчанін, але вельмі добры чалавек. Найбольш яму ўдаваліся характарныя ролі: Тыбальт у «Рамэа і Джульеце», Ніл у «Мяшчанах» М.Горкага, Гайдук у «Несцерцы» В.Вольскага (пазней ён сыграе і пана Бараноўскага ў тым жа знакамітым спектаклі), Пятрук у «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, Андрон Сыцюк у «Вежы» А.Дударава і У.Някляева, Госць у «Шчаслівым здарэнні» С.Мрожака…
Паступова з’явіліся ролі, дзе моцна стала гучаць драматычная нота. У спектаклі «Тайбелэ і яе дэман» Рыгор Шацько выступіў у ролі Гурмізаха-Элхонэна. Ён іграў дзве іпастасі аднаго чалавека: мужчыну непрынятага і нялюбага і мужчыну жаданага і каханага. Адзін і той жа чалавек у розных абставінах выглядаў то нудным і страшэнна нецікавым, то ўладарным і прыгожым. Гэта – той выпадак, калі знешняя энергія, энергія другога чалавека выклікае найлепшыя якасці, выяўляе іх і абгрунтоўвае. Гурмізах-Элхонэн свяціўся адлюстраваным ад Тайбелэ святлом. Ён такі, якім бачыць яго яна.
З кожнай новай работай Шацько даказваў, што валодае ўніверсальнай акцёрскай прыродай і паступова падыходзіў да самых яскравых, знакавых сваіх работ, якімі сталі Астраў у «Дзядзі Вані» А.Чэхава, спадар Журдэн са «Здурнелага Журдэна» М.Булгакава, Піліп з «Пакрыўджаных» Л.Родзевіча…
Галоўныя героі булгакаўскага «Здурнелага Журдэна» у пастаноўцы Юрыя Лізянгевіча таксама існавалі ў дзвюх іпастасях, у двух эстэтычных вымярэннях: штосьці мелі ад Мальера, штосьці ад булгакаўскага часу. Галоўны прынцып, які іх аб’ядноўваў, – маска. Ён дыктаваў і манеру паводзін, і знешні антураж (грым, касцюм). Вось і герой Шацько трымаў у руках гіпсавую маску, ды і твар хаваў нейкую дваістасць. Праз цэнтральны вобраз Журдэна-Сталіна, створаны Шацько, раскрывалася галоўная тэма спектакля – невуцтва ля ўлады. З аднаго боку, галоўны герой, з другога яго настаўнікі – паяцы, блазны, клоўны. Яны, разам узятыя, і стваралі ігравое поле спектакля.
Галоўныя героі драмы «Пакрыўджаныя» Леапольда Родзевіча, якую паставіў у 1990-я гады Антон Грышкевіч, – гэта амаль што архетыпы. Тры пакутныя душы, што цягнуцца – кожная да сваёй мэты, да свайго Бога. Але дасягнуць яго, спазнаць, зліцца з ім немагчыма. Рыгор Шацько сыграў ў спектаклі панскага корніка Піліпа, які прагне кахання і з мэтай дасягнуць прыхільнасці любай, ідзе на могілкі, спрабуючы там знайсці скарб. І вар’яцее. Гэта быў чысты і светлы вобраз, апанаваны страхамі і жарсцю, напоўнены надзеяй на лепшае.
Рыгор Іванавіч мог узбуйніць ролю да такога маштабу, што менавіта яна аказвалася ў цэнтры спектакля. У спектаклі «Дзядзя Ваня» ён стварыў характар сапраўды моцнай, але душэўна спустошанай асобы. З першага з’яўлення ён прызнаваўся няньцы: «Нічога я не хачу, нічога мне не трэба, нікога я не люблю». Парушыўшы адну з евангельскіх запаведзяў – палюбі бліжняга як самога сябе – разумны, таленавіты Астраў страціў штосьці вельмі важнае ў жыцці. Ён выпраменьваў надзвычайны магнетызм, які прыцягваў да сябе такіх розных жанчын, як Соня і Алена Андрэеўна. Але душэўна спустошаны Астраў абыякава не заўважаў закаханасці Соні, жонка ж прафесара абуджала ў ім толькі пажадлівасць, таму ён і дамагаўся сваёй мэты груба, цынічна. Артыст дакладна перадаваў сусветны сум Астрава, які сам сябе свядома асуджаў на адзіноту.
Пасля доўгага перапынку Рыгор Іванавіч зноў выйшаў да гледача ў 2010 годзе, сыграўшы ролю Уілфа (Уілфрэда Бонда) ў спектаклі «Квартэт» па п’есе Рональда Харвуда, пастаўленым Рыдам Таліпавым. У выкананні Шацько гэта быў нахабны старэча, блазнюк у абліччы старой разваліны, што спрабуе ўзарваць атмасферу ўсеагульнай замілаванасці мінулым салёнымі жарцікамі, непрыстойнымі намёкамі. Выканаўца падкрэсліваў прыхільныя, але досыць іранічныя адносіны героя да сваіх сяброў і да таго становішча, у якім яны апынуліся. Усё не так кепска, нібы хацеў сказаць Уілф. Калі нават мяне яшчэ адольваюць непрыстойныя жаданні. Калі ж і не, то таксама нічога, можна схлусіць, зманіць, каб падтрымаць больш слабых духам.
Варта асобна спыніцца на тых ролях, што давялося сыграць Рыгору Іванавічу ў апошняе дзесяцігоддзе. У спектаклі «Да трэціх пеўняў» паводле аповесці Васіля Шукшына ён выконваў адразу тры ролі: Ільі Мурамца, Стражніка і Першай галавы Гарыныча. Асабліва ж яму ўдаваўся вобраз Змея, дакладней, яго часткі. Першая галава – самая важная, яна верхаводзіць іншымі, нездарма ж носіць маршальскую папаху – знак асаблівага першынства. Сентыментальная, слязлівая, неабыякавая да рамансаў, яна ніяк не можа зразумець дзёрзкасці простага мужыка.
У вобразе Актаўё, бацькі Фінэі з класічнай камедыі Лопэ дэ Вегі «Дурнічка», Рыгор Шацько тонка даносіў закладзеныя аўтарам гумар і іронію. Дзякуючы вялікаму акцёрскаму досведу, артыст быццам вёў за сабой маладых выканаўцаў, ствараючы вакол сябе шырокае энергетычнае поле. А старадаўнія паэтычныя радкі з яго вуснаў гучалі вельмі арганічна.
У драматычнай камедыі сучаснага балгарскага драматурга Хрысты Бойчава «Бальніца на краі свету» заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь стварыў вобраз Дзеда. Грунтоўны, мажнога целаскладу, ён умацоўвае іншых хворых сваёй упэўненасцю, бездакорнай логікай і матывацыяй. У палаце ён аўтарытэт. Разам з тым вобраз асацыюецца і з горкаўскім Лукой з класічнай п’есы «На дне». Іграў Рыгор Іванавіч сваю апошнюю цэнтральную ролю віртуозна. Гэта была сапраўдная школа акцёрскага майстэрства, калі вобраз нечакана набываў аб’ём, менавіта артыст надаваў яму сваё мастацкае абагульненне, калі камедыйна-абсурдысцкае нечакана напаўнялася жывым чалавечым зместам, шчымлівымі драматычнымі нотамі. Узгадваецца адна з фінальных сцэн спектакля, калі сустракаліся недзе там, у іншым вымярэнні, па-за межамі жыццёвага існавання Дзед са сваёй Старой, якую цудоўна ігралі партнёркі Рыгора Іванавіча – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова і Валянціна Багданава. Гэта была на дзіва шчымлівая сцэна.
Нельга прамінуць яшчэ адзін накірунак прафесійнай дзейнасць Рыгора Іванавіча. З 1997 па 2012 год ён працаваў на пасадзе дырэктара тэатра, клапаціўся пра павышэнне творчага патэнцыялу трупы, рост аўтарытэту тэатра ў Беларусі і за яе межамі. Пад час яго кіравання ў 2001 годзе тэатр імя Якуба Коласа займеў высокі статус «нацыянальны». Трупа пастаянна выязджала на замежныя гастролі, былі наладжаны абменныя гастролі з Польшчай. Тэатр прымаў удзел у Днях беларускай культуры ў Парыжы і Мурманску. Было арганізавана актыўнае абслугоўванне сельскага і гарадскога гледача Віцебскай вобласці.
Рыгор Іванавіч садзейнічаў арганізацыі шырокай фестывальнай дзейнасці. У 2000 годзе спектакль «Шагал… Шагал…» атрымаў Гран-пры на Эдынбургскім міжнародным фестывалі мастацтваў (Вялікабрытанія), на фестывалі «Белая вежа» (Брэст) – прыз за лепшы спектакль па творы беларускай драматургіі (Рыгор Іванавіч іграў у ім ролю Камісара). У той перыяд трупа тэатра ўпершыню наведала Злучаныя Штаты Амерыкі, пабывала ў Італіі, Францыі, Польшчы, Малдове.
За актыўную дзейнасць па развіцці фестывальнага руху і арганізацыі замежных гастроляў Рыгор Шацько быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За развіццё міжнародных культурных сувязяў».
Пайшоў ад нас Рыгор Іванавіч на святое Раство – 7 студзеня 2023 года. Памяць пра яго – выдатнага акцёра, шчырага, добразычлівага чалавека, адданага тэатру, – будзе заўсёды жыць у сэрцах тых, хто яго ведаў, працаваў, супрацоўнічаў з ім.
Добавить комментарий