ВІРТУОЗ СЦЭНІЧНАГА МАСТАЦТВА ГЕОРГІЙ ДУБАЎ

 

У апошніх ролях народнага артыста Беларусі, выдатнага акцёра-коласаўца Георгія Савельевіча Дубава было нешта містычнае. Менавіта яно – незаўважнае няпільнаму воку, загадкавае, гофманаўска-фантасмагарычнае – не толькі заяўлялася ў характары, жанрава-стылёвай зададзенасці пастановак, але і сілкавалася самім жыццём, яго размытымі варункамі – і нашай свядомасцю, расколатай, раздробненай, раз’яднанай. Можа, пра гэта і думалася акцёру, калі ён напрыканцы жыцця выйшаў у ролі ці то Бога, ці то Д’ябла, ці нейкай іншай вышэйшай істоты, якая кіруе гэтым светам, распараджаецца лёсамі людзей. Але перад намі быў Бог-блазен, клоун-паяц. Ён выходзіў на сцэну пад бадзёрліва-цыркавую музыку і пляскаў у далоні, весела пасміхаючыся і заклікаючы гледачоў далучыцца да гэтага трагічна-смяшлівага жыццёвага балагану. Нейкая сумная, а можа, нават і страшная іронія адчувалася ў тым, што менавіта такая роля, Старога слугі ў спектаклі «Непаразуменне» па п’есе Альбера Камю стала для Дубава апошняй у яго творчым жыцці. Такім быў фінал. А як жа гучаў пачатак?

У 1959 годзе Георгій Дубаў закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў знакамітага акцёра, рэжысёра і педагога Дзмітрыя Арлова. Пасля ён, разам жонкай, у будучым заслужанай артысткай БССР Тамарай Шашкінай, працаваў некаторы час у Гродзенскім абласным драмтэатры і запомніўся гледачу вобразамі маладых сучаснікаў. А потым лёс яго перакінуў у горад над Заходняй Дзвіной. Была адна важкая прычына пераезду сямейнай пары: у Віцебск перабраўся галоўны рэжысёр гродзенскай драмы Іосіф Папоў. І артысты паехалі следам.

Першай роляй Герогія Дубава на коласаўскай сцэне стаў Сеўка ў спектаклі «Шануй бацьку свайго» па п’есе Віктара Лаўрэнцьева. Партнёрамі Дубава былі Аляксандр Ільінскі, Мікалай Звездачотаў, Цімох Сяргейчык – сапраўдныя карыфеі беларускай сцэны.

Ад вобразаў маладых герояў, якія не пакінулі вялікага следу ў яго творчай біяграфіі, ён даволі арганічна перайшоў да камедыйна-вострахарактарных роляў. Якраз у гэты час да коласаўцаў прыйшоў на пасаду галоўнага рэжысёра Сямён Казіміроўскі. Яны сталі добрымі паплечнікамі, бо ў многім іх мастацкія погляды супадалі. Лепшыя ролі Георгія Дубава прыйшліся якраз на гэты час – канец 60-х – сярэдзіну 70-х гадоў. Яго ігра межавала то з адкрытай буфанадай (як у «Клапе» Маякоўскага, дзе ён трансфармаваўся і ў хвацкага хлапца, і ў старога маразматыка, і нават у настырную маладзіцу), то з паглыбленнем у стыхію смешнага (як у «Доктары філасофіі» Браніслава Нушыча), то захапляльна ашаламляльнымі па недарэчнасці ўчынкамі, праўдзівым рухам дзеяння і пачуццяў (як у «Слузе двух гаспадароў» Карла Гальдоні).

 

Жывату Цвіёвіча з «Доктара філасофіі» Георгій Дубаў іграў з сапраўдным камедыйным бляскам. Сцэнічны характар вызначалі дзве галоўныя рысы: тупая самаўпэўненасць, што грошы – гэта ўсемагутны бог і пры іх дапамозе можна дамагчыся здзяйснення любой задумы, і нейкая дзіцячая наіўнасць на мяжы неверагоднай дурасці.

 

Сеньёр Панталоне з камедыі «Слуга двух гаспадароў» у выкананні Дубава то наіўна падазроны, то гэтак жа наіўна легкаверны. Вобраз, створаны артыстам, быў не проста смешным: у ім усё было асветлена дабрадушнай іроніяй: і астравок рыжых валасоў на лысым цемені, і мітуслівыя жэсты, і жывот «мяшочкам», і дробная паходка.

 

Пік яго творчага ўзыходжання – роля Кірылы Кісельнікава з драмы Аляксандра Астроўскага «Багна» (рэжысёра Сямён Казіміроўскі). Менавіта ў гэтай ролі артыст прыкметна выйшаў за рамкі чыста камедыйнага амплуа і паглыбіўся ў псіхалагічна-драматычнае рэчышча. Роля Кісельнікава складалася як бы з трох гарманічна звязаных паміж сабой частак. У першай дзеі ён вясёлы, крыху збянтэжаны, наіўны, даверлівы, шчаслівы жаніх, якому будучыня мроіцца ў вясёлкавы фарбах. У другой, а потым трэцяй дзеі на яго наплывае столькі жыццёвых выпрабаванняў (смерць дзяцей, прага жонкі да грошай, вераломства цесця), што ён не можа іх перанесці. Пахіснулася яго вера ў сумленнасць, праўду. Не вытрымаў у змаганні з няпраўдай яго розум і ў фінале герой становіцца бездапаможным дзіцем. Акцёр дэманстраваў багатую на псіхалагічна-эмацыянальныя фарбы ігру. У трэцяй, самай драматычнай у п’есе і самай удалай па гучанню, дзеі, дасягаў высокага драматызму і ўзрушаў залу тэмпераментам.

 

У рэпертуары Георгія Савельевіча быў шэраг іншых вобразаў рускай і сусветнай класічнай драматургіі. Гэта Гаеў у «Вішнёвым садзе» Антона Чэхава, сеньёр Капулеці з «Рамэо і Джульеты» і Сомерсет з «Генры VI» Уільяма Шэкспіра, Мілер з «Каварства і любові» Фрыдрыха Шылера, Ніл Стратонавіч Дудукін у «Без віны вінаватых» Аляксандра Астроўскага, Мардашоў са спектакля «Ах, які пасаж!» паводле рускіх вадэвіляў.

 

 

Калі артыст выходзіў нават у самай нязначнай ролі, ён рабіўся цэнтрам глядацкай увагі. Прыгадаем яго Мітрафана з «Трох мяшкоў засмечанай пшаніцы» па аповесці Уладзіміра Цендракова (рэжысёр Валерый Мазынскі). Акцёр іграў яго бязлітасна: ніякага спачування не выклікала гэтая сагнутая абарваная фігура, заросшы, запухлы твар, па-бабску заматаны хусткай. І жудасна рабілася ад яго подлай няўдзячнасці да гаспадароў, што прытулілі лагернага ўцекача: «А вось зараз я прайдуся з ножычкам!» – казаў герой Дубава.

Значна пазней акцёр сыграе крыху падобную ролю – Чалавека ў капелюшы са спектакля «Сняданак з невядомымі» Уладзіміра Дазорцава. Мэта ягонага героя – выцягнуць на божы свет самае цёмнае: маўляў, ты гэткі ж агідны чарвяк, як і я, як і ўсе мы, чалавекі…

 

Нават іграючы розных мярзотнікаў, Дубаў ніколі не задавальняўся павярхоўным выкрыццём чалавечых заганаў. А заўсёды імкнуўся пранікнуць у самыя патаемныя глыбіні чалавечай псіхікі. Не, зусім дарэмна за ім на доўгія гады прымацавана амплуа камедыйнага акцёра! А ён жа так умеў паказаць вялікую жыццёвую драму сапраўднага інтэлігента ў неспрыяльных варунках. Прыгадаем дацэнта Сініцына з п’есы Яўгена Шабана «Востраў Алены». На схіле год яго герой, перажыўшы інфаркт і пабываўшы ў рэанімацыі, стаў дужа абачлівым, надта маўклівым там, дзе трэба крычаць пра несправядлівасць. І толькі трапіўшы да чароўнага возера, на магічны востраў, ён пачаў разумець штосьці вельмі істотнае пра сябе. Пасля такога ўсведамлення далей маўчаць здалося проста немагчымым.

Аляксандр Рувімавіч Пінскі з драмы братоў Стругацкіх «Жыды горада Піцера» таксама добра адчувае увесь трагізм сітуацыі: падзеі п’есы прадказвалі жнівеньскі путч 91-га года. Герой добра памятае вайну, Кіеў, Бабін Яр, ды не схіляе галавы, не падае духам. Артыст рабіў з кожнага выхада героя міні-спектакль і прымушаў гледача выбухацца смехам, калі, пераапрануты ў лагернага зэка, даваў парады суседзям, што лепш узяць у дарогу.

У апошні перыяд жыцця, нягледзячы на моцную хваробу, Георгій Дубаў іграў многа і цікава. Яго Людовік Мерыкюр са спектакля «Будзьце здаровы!» па п’есе французскага драматурга П’ера Шэно выклікаў спачуванне і добры смех гледача, нягледзячы на тое, што персанаж быў адмоўны. Пэўна ж, было нешта прывабнае ў самой чалавечай абаяльнасці Георгія Савельевіча, што правакавала менавіта такую рэакцыю.

Варта прыгадаць і ролю старога генерала з парадаксальнай камедыі Славаміра Мрожака «Шчаслівае здарэнне», які не жадае нараджэння ўнука, што мог бы пазбавіць яго жыццёвых прывілеяў. Вось і сочыць дубаўскі персанаж за сынам і нявесткай няспынна, нават ноччу не пакідаючы іх сам-насам. А з якім імпэтам ён ездзіў па кватэры на ровары, вымаўляючы абразліва-грозныя маналогі!..

Шмат цікавага дадалі ў акцёрскую скарбонку Коласаўскага тэатра і ролі Падсекальнікава са спектакля «Самазабойца» па п’есе Мікалая Эрдмана, і спадарыні Журдэн (якая чамусьці аказалася Леніным у спадніцы) са «Здурнелага Журдэна» Міхаіла Булгакава, і загадкавага Старога з «Непаразумення» Альбера Камю…

 

 

Так шкада, што гэты выдатны артыст больш не выйдзе на віцебскую сцэну, што не будзе зачароўваць гледача нечаканымі камедыйнымі трукамі, яркай, адкрытай тэатральнай буфанадай, сатырычным сарказмам, глыбокай псіхалагічнай пранікнёнасцю... Але тэатр упэўнены, што ні з чалавечай памяці, ні з гісторыі беларускага сцэнічнага мастацтва ніколі не будзе выкраслена імя Георгія Савельевіча Дубава.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X