ЯЎГЕН НІКАЛАЕЎ. СЛУЖЫЎ У ТЭАТРЫ МАСТАК
26 снежня 2023 года адначаецца 110-годдзе з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі Яўгена Дзмітрыевіча Нікалаева. На працягу больш чым 40 год ён служыў у тэатры імя Якуба Коласа.
Спачатку Яўген Дзмітрыевіч працаваў начальнікам бутафорскага цэха, потым – мастаком-пастаноўшчыкам, а з 1944 года – галоўным мастаком напрацягу амаль 35-ці год.
Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу ў сям’і служачага. Адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, які скончыў у 1933 годзе. Сярод яго настаўнікаў былі Іван Ахрэмчык, Уладзімір Хрусталёў, Міхаіл Эндэ. У тэатр ён прыйшоў як памочнік галоўнага мастака. Тады ім быў Анатоль Басулаеў. У яго Яўген Нікалаеў вучыўся не толькі майстэрству пастаноўшчыка, але і спасцігаў сакрэты інжынерыі і канструкцыі, набываў архітэктурныя навыкі і швейнае майстэрства.
Першы самастойны спектакль Яўген Нікалаеў аформіў у 1936 годзе. Гэта была сумесная з Цімохам Сяргейчыкам пастаноўка «Адважны баязлівец». Па сведчаннях сучаснікаў, афармленне было лаканічным і лёгкім, выражала ідэю спектакля, адрознівалася маляўнічай яркасцю касцюмаў дзейных асоб.
Канец 1930-х ‒ пачатак 1940-х гадоў быў перыядам творчых дасягненняў. Этапнай работай Нікалаева сталі дэкарацыі да спектакля «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), дзе ён прадэманстраваў жыццё і працу калгаснікаў, мужнасць і сумленнасць простых людзей. Пра поспехі мастака сведчаць дэкарацыі да спектакляў «Павел Грэкаў» Б.Войцехава, Л.Ленча (1939), «Нашы дні» С.Герасімава (1940), «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава (1941). Да канца 1940-х Яўген Нікалаеў паспяхова працаваў з беларускай, рускай і замежнай класікай. Сярод спектакляў ‒ «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу, «Мінулася кату масленіца» (1939) і «Лес» (1940) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Раскіданае гняздо» (1951) і іншыя.
Характэрнымі для яго творчасці былі пафаснасць, відовішчнасць і панарамнасць. Ён знаходзіў сцэнічныя суадносіны сваёй пейзажнай перспектывы, тады вельмі ўпадабанай на тэатры, з падкрэслена рэжысёрскай тэатральнасцю мізансцэн. Узорам такога падыходу можна назваць сцэнаграфію спектакля «Навальніца будзе» А.Звонака паводле трылогіі Якуба Коласа «На ростанях», пастаўленага ў 1958 годзе рэжысёрам Юрыем Шчарбаковым. Ужо ў пралогу быў зададзены тон пастаноўкі. Агромністы, ва ўсю ар’ерсцэну жывапісны заднік: вялікія фігуры сялян з косамі, віламі, дубінамі быццам рухаліся на глядзельную залу, узаемадзейнічалі з рэальнымі персанажамі на планшэце сцэны. Спектакль быў першай спробай Коласаўскага тэатра вырвацца ў сучаснае метафарычнае мысленне, усвядоміць магчымасці яркай тэатральнай формы і сілу тэатральнага абагульнення.
Далейшыя сумесныя пошукі з Юрыем Шчарбаковым прадоўжыліся ў рабоце над «Іркуцкай гісторыяй» А.Арбузава (1960). Там працягвадася адмаўленне ад бытавой празмернасці і непатрэбных падрабязнасцей. Лёгкая канструктыўная дэкарацыя, што стварала фон вялікай будоўлі, пераносіла ў нязвыклыя абставіны.
У «Крыніцах» паводле І.Шамякіна на задніку з’яўлялася вялікая кніга з надпісам «Іван Шамякін. Крыніцы. Раман», старонкі якой пераварочваліся ў адпаведнасцю са зменамі эпізодаў спектакля.
У спектаклі «Праўда і крыўда» паводле рамана М.Стэльмаха (рэжысёр Аляксандр Падабед) сцэнаграфія валодала якасцямі паэтычнасці з выкарыстаннем сімволікі, абагульненняў, колеравых спалучэнняў з выкарыстаннем кінапраекцый для ўзбуйнення дэталі. Фіялетавае неба, зялёныя палі на задніку, чырвоны сцяг у руках галоўнага персанажа, белая і чырвоная птушкі, белы і чырвоны касцюмы персанажаў, белыя бярозы...
У 1967 годзе тэатр паставіў п’есу «Шостае ліпеня» М.Шатрова пра леваэсэраўскі мяцеж 1918 года. Спектакль быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР. Разам з рэжысёрам Сямёнам Казіміроўскім, выканаўцам галоўнай ролі Леніна Фёдарам Шмакавым быў адзначаны і мастак Яўген Нікалаеў. Імклівасць драматургічнага тэксту, напружанасць дзеяння, разгортванне рытму падзей увасобіліся ў візуальным вобразе наслаення адна на адну набягаючых газетных старонак.
У 1969 годзе Барыс Эрын паставіў на коласаўскай сцэне «Уладу цемры» Л.Талстога. На авансцэне збудаваліся ў рад газавыя лямпы, у цэнтры красуецца вядомая па шматлікіх гравюрах суфлёрская будка. Гэта атрыбуты сцэнічнай пляцоўкі балаганнага тэатра, намёк на «тэатр у тэатры». У поўным адзінстве з рэжысёрскім раскрыццём драмы і яе мастацкае афармленне, прапанаванае Яўгенам Нікалаевым. Ён вельмі ўдала спалучыў лаканізм вобразнай мовы сцэны з падрабязнейшым, этнаграфічна дакладным, да самых маленькіх дэталяў паказам сялянскага побыту. Адна вельмі яркая, дакладная дэталь стварае паўнакроўны вобраз спектакля – вялікая драўляная арка, неабходна прыналежнасць тагачаснай дарэвалюцыйнай вёскі. Гэтая арка выконвала ў спектаклі адразу некалькі функцый: яна і партал таго балагану, на сцэне якога разыгрываецца спектакль, і столь хаты, і дах хлява, і непасрэдна вясковыя вароты,акуль уводзілі Мікіту ў астрог.
Яркія выяўленчыя прыёмы выкарыстаны ў афармленні спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956) і «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча (1967), «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна (1970).
Глыбокім разуменнем сутнасці твораў, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння адметныя дэкарацыі пастановак «Трыбунал» А.Макаёнка (1970), «Амністыя» М.Матукоўскага (1971), «Не трывожся, мама!» паводле Н.Думбадзе (1972), «Сталявары» Г.Бокарава (1974), «Лёнушка» Л.Лявонава і «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча і «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (1976).
З іншых работ вядомасць атрымалі аформленыя мастаком спектаклі «У добры час!» В.Розава (1955), «Жывы труп» Л.Талстога, «Бацькаўшчына» К.Чорнага (1966), «Зыкавы» М.Горкага (1968), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1973), «Восем жанчын закаханых» Р.Тама.
Прыгадаем апошнюю з названых работ. П’еса добра знаёмая і цяперашняму віцебскаму гледачу, але ўпершыню яна была пастаўлена ў 1977 годзе. Трэба ўявіць, наколькі сцэнічная дэталь, прыдуманая сцэнографам, магла стварыць атмасферу спектакля і ўздзейнічаць на гледача. Па сюжэце гераіні, восем жанчын трапляюць у свайго роду мышалоўку, пастку, падрыхтаваную нікому невядомым злачынцам (гэта пазней высветліцца, што арганізатарам-маніпулятарам ўсёй сітуацыі з’яўляецца малодшая дачка гаспадара). І ў канцы першай дзеі, перад антрактам замест заслоны глядач бачыць вялікую (ад каласнікоў да планшэту) клетку, якая зачыняе гераінь у замкнёнай прасторы.
За вялікія дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва ў 1967 годзе Яўгену Нікалаеву было прысвоена званне народнага мастака. У сферы тэатральнага мастацтва ён першым в Беларусі быў уганараваны такім высокім званнем.
Пайшоў жыцця Яўген Дзмітрыевіч Нікалаеў 30 снежня 1978 года.
Добавить комментарий