СЯДАЙМА Ў «ДЫЛІЖАНС» – І ПАЕХАЛІ!
Ёсць меркаванне, што артыст драматычнага тэатра мусіць умець усё. Вось і прышоў час праверыць на справе! Усяго два тыдні засталося да новай прэм’еры ў Коласаўскім тэатры – мюзікла-памфлета «Дыліжанс». Жывое выкананне спеваў, танцавальныя «па», падчас наўмысна нязграбныя і недарэчныя, у спалучэнні з майстэрствам артыста драмы – не пакінуць нудоце аніводнага шанцу!
Спектакль ставіцца паводле знакамітай навэлы Гі дэ Мапасана «Пышка». А рускі драматург Леанід Філатаў на яе аснове стварыў свой твор – «Дыліжанс», дзе ідэі французскага пісьменніка загучалі па-новаму – жыва, востра, сатырычна, сучасна. Двудушнае стаўлення да краіны, вайны, жыцця, да людзей побач раскрываецца ў абодвух твораў. Да сюжэту «Пышкі» звярталіся кінарэжысёры Міхаіл Ромм («Пышка», 1934), Яўген Гінзбург і Рауф Мамедаў («Руанская дзева па мянушцы Пышка», 1989).
У Коласаўскім тэатры суцэльны настрой пастаноўкі акрэслівае арыгінальная музыка Уладзіміра Кандрусевіча. Спектакль мяркуе быць імклівым, іранічным, рамантычна-патрыятычным. Што пацвярджаецца і абраным жанрам – мюзікл. Дададзенае да яго азначэнне таксама «памфлет» абяцае, што глядач будзе не толькі смяяцца, але і зможа ў чарговы раз задумаецца над духоўнымі праблемамі.
Сюжэт нескладаны. Дыліжанс вывозіць з Францыі, акупаванай «прусакамі», з горада Руана, асобаў даволі высокага паходжання – моднага газетнага рэпарцёра Карнюдэ, гандляроў віном спадара і спадарыню Луазо, выбітных прамыслоўцаў спадара і спадарыню Ламадон, а таксама Графа і Графіню… Сярод «годных і шаноўных» пасажыраў раптам узнікае мадмуазэль Русэ па мянушцы Пышка. «Прынцэса ўсіх руанскіх кабакоў», жанчына вольных паводзінаў кампраментуе «яснавяльможнае паньства» толькі сваёй прысутнасцю. Высакародныя асобы надзвычай грэбліва ставяцца да Пышкі… да таго часу, пакуль яна не зробіцца ім карыснай і неабходнай… Тады распачынаюцца іншыя «спевы», будуць апранутыя іншыя маскі… Сапраўдныя вартасці кожнага зробяцца відавочнымі… Гэтаму паспрыяе адна дужа экстрэмальная сітуацыя…
«Дыліжанс» праектавалі і рыхтавалі да адпраўлення – кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, перакладчык Уладзімір Скарынкін, рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кулікоўскі, рэжысёр па пластыцы Дзіяна Юрчанка, сцэнограф і мастак па касцюмах СвятланаМакаранка, мастакі па святлу Міхась Лавіцкі і Яўген Куляшоў, музычны кіраўнік Аляксандр Крыштафовіч, канцэртмайстар па класе вакалу Алена Парфёнава.
Пасажыры коласаўскага «Дыліжанса»: Наталля Аладка і Юлія Цвікі (Пышка), Яўген Бераснеў і Арцём Блахін (Карнюдэ), Юрась Цвірка (спадар Луазо), Галіна Букаціна і Раіса Грыбовіч (спадарыня Луазо), Генадзь Гайдук і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (спадар Ламадон), Ларыса Антосева і Алена Шарэпчанка (спадарыня Ламадон), Аляксандр Фралоў і Георгій Лойка (Граф), Анжаліка Баркоўская і Святлана Жукоўская (Графіня) ды іншыя…
Такім чынам, коласаўскі тэатр запрашае вас у двухгадзіннае падарожжа.
Адпраўленне-прэм’ера – 1 і 2 сакавіка.
Сачыце за афішай-раскладам! Чэргі ў касы растуць!
Колькасць месцаў абмежаваная!
Добавить комментарий